Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Тая-ж самая даль, той-жа самы разлог —
Неаглядны прастор небясоў,
Дзе хмурынкі плывуць па дарозе, што бог
Ім адзначыў з пачаткаў вякоў.

Ўсё гамоніць вакол, і шуміць, як даўней,
Гэты лес векавы, гэты бор.
А чаго-ж цяжка нам? Які злы сухавей
Закружыўся, узьняўся з-за гор?

Як у восень туман аблягае лугі
І палёў задуменную даль,
Так на сэрца зьляглі плямы чорнай тугі,
А мінулых дзянёчкаў так жаль.

Эх, ня вернеш ты іх, гэтых сьветлых дзянькоў,
Толькі цені іх ў сэрцы жывуць.
А як міл гэты сьвет і прасторы стэпоў,
Дзе прыгожыя хмаркі плывуць!

1916 г.