Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заў сакаўную траву, аганяючы хвастом надаедную заедзь. Убачыўшы каля сябе гаспадара, ён прыветна падняў галаву, хрумстаючы траву. Раман зьлёгка, з любасьцю патрапаў па шыі коніка і прамовіў:

— Эх, ты, конік, мой конік! Дурны ты, брат! Там гарматы гудуць, а ты нічога не разумееш і вухам не вядзеш. Скаціна ты, скажу табе, неразумная!

Конік шаргануў разоў два галавою аб руку гаспадара ды зноў пачаў скубсьці траву. Раман яшчэ пастаяў трохі каля свайго коніка, пазіраючы на яго, і чагось уздыхнуў, а потым запыніўся за разложыстым арэхавым кустом, дзе гук гарматных стрэлаў адбіваўся яшчэ выразьней.

І здорава-ж бухаюць, — ціха прамовіў Раман і сам сабе паківаў галавою.

Па сьцежачцы, што вілася напрасткі ад лесу і бегла праз гэтае поле, павольна пасоўваліся якраз сюды дзьве чалавечыя фігуры. Сьцежачка злучала сяло Ліпавец з воласьцю. Да воласьці адгэтуль было ня больш як чатыры вярсты. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў. Там, у воласьці, напэўна дачуліся яны якіх-небудзь навін. Цікава будзе пагаманіць з людзьмі і абсудзіць гэтае новае па-