Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нікіна. Цішком перадавалі адзін аднаму аб добрых зьменах жыцьця, якія будуць тады, калі ня будзе ўлады чырвоных. Раман колькі разоў абменьваўся думкамі з людзьмі і яшчэ болей праконваўся ў тым, што верх возьме Дзянікін, і ўжо пачынаў чакаць яго. Тымчасам прыбліжэньне фронту і сур'ёзнасьць палажэньня адчувалася моцна. Прыходзіла войска, разьмяркоўвалася на больш-менш доўгі час, а праз дзень, другі, яно кудысь выходзіла. Прыбывалі новыя вайсковыя часьці, але доўга не затрымліваліся і перакідваліся то на адзін, то на другі пункт фронту.

А гарматы грукацелі бліжэй.

Раман чутка прыслухоўваўся да ўсяго, што рабілася вакол. Вайна была ўпартая, і часта фронт хістаўся то ў адзін, то ў другі бок, а разам з гэтым то падымаліся, то ніклі надзеі заможнікаў і беднаты. Калі ўдача была ў чырвоных - ажывала бедната і паказвалася на вуліцы. Тады можна было пабачыць і Пятра. Ён выхадзіў на вуліцу, шырока расстаўляў ногі і казаў:

- Не, брат, зьбілі Калчака - таксама далёка зашоў, - саб'юць і Дзянікіна. Усяго народу не ашукаеш і за белы хлеб ня купіш.. Што тут талкаваць? Рана вам радвацца, - і Пятро кідаў вочы на крытыя пад жалеза хаты заможнікаў.