Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Здавалася, што гарматы грымелі цяпер шмат бліжэй.

Каля Бажковай клуні таксама стаяў і Пятро Мазалеўскі. Свае клуні Пятро ня меў.

Раман пашоў да Пятра паздароўкацца.

- Мне здаецца, што сёння гарматы як-бы аддаліліся, - прамовіў Пятро.

- Дзе ты бачыў, аддаліліся, - зусім блізка грукацяць!

Як-бы прыпыняючы іх спрэчку, пракаціўся густы, выразны, акруглены гук.

- Чуеш? - сказаў Раман.

- Што-ж, - прамовіў Пятро: - пры стычках усяк бывае. Зарвецца дзе іх банда, вось і выбіваюць.

- Банда, то банда, але глядзі, куды дашлі... Нічога, мусіць, брат, ня будзе, калі ў іх парадак моцны, дысцыпліна, бранявікі, танкі і ўсё, што хочаш.

- Ну, бранявікі! а ў нас, ты думаеш, бранявікоў няма? Прагналі-ж Калчака. Цяпер з таго фронту сюды гоняць войска. Яшчэ, брат, рана ім казырыцца, яшчэ ўсё можа быць.

- Не, Пятро, - круціў Раман галавою: - штось на гэта не паказвае. Чуткі ёсьць, што ўжо і Курск вывозіцца. Трудна, брат, з імі змагацца.