Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Ну, што ты, Іванькя! Як-жа я, мужняя жонка, гуляць пайду?

І паглядзела на Івана з такім дакорам.

Іван абняў яе моцна; моцна і крэпка пацалаваў у сьвежыя і сакаўныя губы.

Пацалаваў і шырокімі крокамі пусьціўся даганяць сяброў.

Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пашла на свой агарод зьбіраць зельле, падаткнуўшы спадніцу.

Шкода было Раману сына, але-ж за тое было і шмат спакайней. Бяз пэўнае думкі расчыніў ён у клуню вароты, вашоў туды, агледзеў сьцены, зірнуў на кучы саломы і вышаў на двор. Крыху пастаяў, зашоў у пчольнік, прашоўся між вульлёў. Ніякае работы на гэты дзень ён яшчэ не назначыў сабе. Дый ахвота нейк адпала за дзела брацца. Яго пацягнула на вуліцу. На тым баку, пасярэдзіне сяла, цягнуўся глыбокі і шырокі яр; з вуліцы чуўся гоман. Раман ужо хацеў пакіравацца туды, але так добра знаёмы са ўчарашняга дня гук зноў пачуўся Раману. Ён зашоў за клуню і стаў слухаць. Грозны гук паўтарыўся грозна і выразна. Ціхае і вільготнае паветра раніцы прыдавала яму яшчэ большую сілу.