Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кінцы ў адным месцы. Распыталі, адкуль, і пусьцілі. Толькі кажуць: "Глядзі, каб свае не абабралі. Мы, кажа, праз месяц усю вашу Куршчыну ачысьцім ад вашых камітэтаў".

- Дык яны, значыцца, народу ня крыўдзяць? - запытаўся Раман.

- Не, не чапаюць. З комуністымі і камітэтамі, праўда, распраўляюцца. Зловяць, дык ужо і ведай порцыю: адлічаць табе дваццаць пяць шомпалаў ды ідзе. А хто паважней - расстрэл!

- Знайшоў дурань чарапок і сьмяецца, - з горкаю ўсьмешкаю азваўся Пятро: - слухаю вас, хлопцы, і дзіўлюся: чаму вы радуецеся?! - раптам мяняючы тон, накінуўся Пятро: - таму, што будуць вас біць шомпаламі? Галовы-ж вы капусьцяныя: як гэта вы ня можаце зразумець, што Дзянікін, царскі генэрал, нясе вам ланцуг, нагайкі, поліцыю і крывавую расправ.

- А за што ён будзе са мною распраўляцца? - запытаў сярдзіта Раман, - разумеецца, тым не паздаровіцца, хто нарэзаў сабе пасаду ў садох Харланавых, Мархаўцоў і іншых.

Пятро зразумеў, на што ківаў Раман: і яму, Пятру, адвялі кусок саду Харланава для будаваньня.