Старонка:Vodgulle 1922.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ідзе яна ціха, як ночка, панура,
Ідзе пад крыжы-растанцы,
Стаіць нярухома, выглядвае хмура—
Усе аглядае канцы.

І далей бяз шуму ідзе на балоты,
Ідзе, некрануўшысь расы,
І плачуць ёй сьледам пудліва чароты,
І ціха шумяць ёй лясы.

Абходзіць магілы, на прыклад садзіцца
І сёлы вартуе яна,
Па роднаму краю снуе і цяніцца,
Заўсюды панура, адна…

* * *

І людзі гавораць, што часта чувалі
Апоўначы плач на палёх,
І часта кабету адну сустрачалі,
Гаротную, ўсю ў рызманох.

І чулае вуха той плач улавіла.
«Ой, дзетанькі!»—плача яна:
«Ці-ж я за тым вас на сьвет парадзіла,
Каб век заставалась адна?

Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі?
За што-ж вы зракліся мяне?
За што вы матулю жывой пахавалі?»
Так плача ўсё здань ў цішыне.

11/VIII 1912 г.

|}


УНОЧЫ.

Над калыскай матка
Ночку каратае,
Хворага сыночка
Цешыць, забаўляе.

На цьвічку павешан
Начнічок ўбогі;