Старонка:Vodgulle 1922.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І сон палёў, спакой іх немы
Пабудзяць з шумам ручаі.

Няхай шумяць вятры у полі
Халоднай злоснаю зімой,
Адну зіму мне быць ў няволі
За мураванаю сьцяной.

А там вясна, і блізка воля;
Другі раз родзішся на сьвет,
А леса шум і песьня поля
Сатруць з душы нягоды сьлед.

11/XII 1910 г.

|}


КОЛЯДЫ.

Там, на волі, за сьцяною
Людзі чуюць, што жывуць,
І з вясёлай суятою
Вечароў калядных ждуць.

Ў цесны круг сямья зьбярэцца
За сталом каля гаршка,
І прыветней мігатнецца
Блеск ў ваконцы мужыка.

Ад каляд па вадахрышчы
Будуць весела гуляць,
Вечарамі на ігрышчы
Бубен, скрыпкі зазьвіняць.

І сягоньня, як і ўчора,
Пойдуць сьцены хадуном,
Хоць на момант сьціхне гор
Перад чаркаю з віном.

Крык і гоман, шум і песьні…
Як разыдуцца ў мароз,
Не адно рабро там трэсьне,
Не адзін стаўчэцца нос.