Старонка:Vodgulle 1922.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕРАД БУРАЙ.

Сінь і глыб бяз ко́нца-края…
Ціш і згодачка сьвятая
Неба, землю абнялі.

Сонца зранку жарам пыша,
Ветрык лісьце чуць калыша,
Вее чуць паўзьверх зямлі.

Лес і поле з збажыною,
Апавітыя смугою,
Задуменныя стаяць.

І сярод цішы трывожнай
Над зямелькаю набожнай
Сталі хмаркі вынікаць;

Ды так ціха, так пужліва,
Як бы зданкі або дзіва
Невядома скуль ўстае.

Шырыць сонца клуб іх белы
І маланак-громаў стрэлы
Ім на страх зямлі куе.

А зямля як бы замлела,
Нават дуб стары нясьмела
Зрэдка лісьцем павядзе.

Змоўклі ўсе вакруг абшары,
Бо замысьлілі штось хмары…
Ой, знаць, бура загудзе!

25/VII 1916 г.


ПОСЬЛЕ НАВАЛЬНІЦЫ.

Навальніцы няма, навальніца сашла,
Хмары далей паціснулі ў сьвет,
І страхлівая цьма, дажджаная імгла
Разам з ёю пашлі ў адзін сьлед.