Перайсці да зместу

Старонка:Vodgulle 1922.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Плыве хмурынка ў Божым полі,
Як бы на моры астравок:
Яна-ж ня чуе крыку болі—
Яна схавалась за лясок.

19/VI 1910 г.

|}


НОЧ ПРАД НАВАЛЬНІЦАЙ.

Стаў чырван месяц круглаліцы,
І зоркі боязна дрыжаць;
А там, на поўдзені, зарніцы
Трывожна ўюцца і гараць.

За стужкай стужка агнявая
Без перастанку ў цьму ляціць
І ночы цемень разганяе,
Паветра ціха баразьдзіць.

Ноч так прыгожа, так спакойна.
І нават ветрык ня дыхне!
Ўсё поўна чараў, ўсё прыстойна
Ў яе бяздоннай глыбіне.

І змоўк дзянны трывожны голас,
Спакой і сон над ўсім ляжыць;
На ніве чула дрэмле колас,
І на галінцы пташка сьпіць…

Люблю я ночкі час той дзіўны:
Як Божы сьвет, абняты сном,
Пабудзіць голас пераліўны—
Далёкіх хмар магутны гром,

Як ён працяжна заракоча
Гняўлівым голасам ўгары,
І шыба ў вокнах забразгоча,
І гоман пойдзе па бары;

А хмара грозна націскае,
Маланка неба баразьдзіць,
А ночка сьпіць, а ноч ня знае.
Што зараз бура зашуміць.

17/VI 1910 г.