Старонка:Vodgulle 1922.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Травы цалуе і краскі ласкае,
Бог ведае, што шапаціць,

Хоць і убраны луг ў аксаміты,
У ткань залатую шаўкоў,
Толькі-ж над лугам жалоба разьліта,
Як ціхая скарга бяз слоў.

Здаецца, пытаюць мурог і мятліца,
Імяла, ўся сенажаць:
„Дзе вы, сяляне? Ўжо час касавіцы,
А вас ўсё няма, ня відаць?“

17/V 1915 г.

|}


ХМАРКА.

Па небе хмарка залатая
На сівер з поўдзеня плыла
І ўздых палёў, жаданьні гаю
Ў сабе хмурыначка нясла.

А сонца горача сушыла,
І сохлі нівы на палёх,
Даўно зямля дажджу прасіла,
Але яе ня слухаў Бог.

І ўсё заціхла, ўсё чакала
Дажджу ад хмаркі паўднявой.
Хістацца краска перастала,
Прыпаўшы к долу галавой.

Глядзеў і лес, і луг з травою,
І ўсе расьліны на зямлі:
Вось, хмарка чыстаю сьлязою
Спадзе на зьніклыя палі.

І ў неба дойдзе плач з туманам,
Што сінім дымам ціха зьвіс
Над цёмным лесам і курганам,
І ліне дожджыкам наніз.