Старонка:Vita (1926).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НЕ ЗАКІЛЗАЦЬ…

Не закілзаць мне дзён свайго жыцьця, —
яны, як коні ўносьлівыя тыя…
Ну, колькі ты ня думай і ня цям, —
яны-ж нясуцца, кроў ня стыне…

І з імі я за касагор гадоў
надзвычай палкіх, маладых заўсёды.
Хто хоча… будучнасьць сваю падой, —
а я ў віно ня ўсыплю соды…

У гэтым мкненьні нявыразных дум,
неразгаданым-бы хацеў застацца…
Я сьцежкай малажаваю іду
да новых і нязнаных станцый.