Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пазносяць усіх... усіх пазносяць... Але астанецца нехта адзін... апошні. Дык як-жа ён, той панясецца, што адзін застанецца?

Марына (стрымліваючы смех, напускае сур'ёзнасць, нібы гэта пытанне дужа важнае). Сапраўды, становішча яго вельмі труднае. І як адказаць на гэта, не ведаю.

Караліна (уважліва глядзіць Марыне ў вочы). Не ведаеш? Вось-жа і я не ведаю... А можа хто здалёку прыдзе і пахавае... Ці няма ў цябе, кветачка мая ты, кусочка хлеба? Я табе пагадала-б за гэта.

Марына. Хлеба найду. Пабудзь тут, я зараз.

(Марына выходзіць, Караліна садзіцца на ганак. Кладзе кій пад лаўку, разгортвае далоні рук, уважна разглядае іх, ківае сама сабе галавою. Нечакана гаворыць: "А Пятрусь кажух спаліў"... Зрэдку аглядаецца па баках. Паказваецца Шышла. Караліна хаваецца пад лаўку. Караліна хаваецца пад лаўку. Шышла ідзе на ганак, не бачачы Караліны. Пазірае на стол. Перакідае газеты, знаходзіць лісты. Чытае першыя радкі пісьма.)

Шышла. «Дарагая, мілая, слаўная, Марынка!» Дужа інтымна пачынае, шэльма! А пра што ён піша і хто ён такі, Шышла павінен ведаць. (Кладзе пісьмо ў бакавую кішэню тужуркі. Чытае другое.) "Мілы, любы Алесь!" Алесь? Гэ, да тут раман, да, собственно, да! (Кладзе пісьмо туды-ж.) Шчаслівая акалічнасць, калі ўласныя інтарэсы супадаюць са службовымі. А цяпер Шышла знікне. Шышла яшчэ скажа сваё слова, да, собственно да! (Заварочваецца, каб ісці. Караліна з-пад лаўкі.)

Караліна. На што ўзяў чужое? Палажы назад!

(Шышла знянацку палохаецца. Караліна вырываецца з-пад лаўкі, хапае Шышлу за рукаў, сама трасецца. Шышла вырывае рукаў, з сілаю штурхае Караліну. Караліна падае.)

Шышла. Пікні, шалёная ведзьма, яшчэ раз - заб'ю! (Вымае шаблю, замахваецца над Каралінай, потым борздзенька шыбуе ў бок пералазу. Караліна ўстае, крычыць наўздагон.)

Караліна. Начніца! Кажан! Злодзей! Хапун! Ты што забраў? Пастой! Вярніся!.. У-ля-ля-ля!

(Уваходзіць Марына з хлебам, пазірае ўстрывожаная на Караліну.)

Марына. Што тут за крык? На каго крычыш, Караліна?

Караліна. Злодзей! Торбахват!.. Бяжы, даганяй. Цар паліцэйскі з доўгім траплом пры боку! Штурхануў мяне, ды яшчэ засеч хацеў. Бяжы, даганяй!

Марына (хапаецца за галаву). Шышла!? (Марына тарапліва перабірае газеты, шукае пісем. Караліна стаіць моўчкі перапалоханая.)

Марына. Няма - забраў. Бедная-ж галоўка мая! Што-ж я нарабіла!