Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(Круціць галавою, дакорліва.) Вольнадумствам заражана. Дабром гэта ніколі не канчаецца... Эх, народ, народ! Пагібелі сабе шукае.

(На пералазе паказваецца Шышла з кветкамі. Ідзе ў школу. Заўважае папа, запыняецца. Бярэ па-ваеннаму пад казырок.)

Шышла. Здрастуйце, айцец Кандраці.

Поп. А, гаспадзін Шышла! Маё шанаванне! І вы сюды? А яе і дома няма.

Шышла (збянтэжана). Вы, бацюшка, да, собственна, да, таксама па справе?

Поп (хітра). Ой, хітрэц які, Арцём Іванавіч! А калі-б і без справы, ну скажам, як і вы? Не аднаму-ж толькі вам, Арцём Іванавіч, падзяляюць прыемнасць кампаніі Марыны Мікалаеўны. А я хіба не маю на гэта права?

Шышла (ускідвае плячыма). Яно, як сказаць, да, собственна, да. Крыху перашкаджае духоўны сан, ну... і матушка. А па-другое, адкуль вы ўзялі, што ў мяне справы няма?

Поп (смяецца, стукае Шышлу па плячы). Жартую, Арцём ванавіч. (Мяняе тон ціха, сур'ёзна.) Вось што я вам скажу: за ёю не шкодзіць наглядаць. Вы толькі зірніце якога роду прэсу яна чытае. (Паказвае газету.) Орган канстытуцыяналістаў. І не сцясняецца пакідаць тут на лаўцы. А можаце вы сказаць, што чытае яна за зачыненымі дзвярамі?

Шышла (напускае на сябе важнасць). Я, да, собственна, да, і не спускаю яе з вока.

Поп (насмешліва). Вы, быць можа, глядзіцё на яе і дужа пільна. Ды я баюся, каб прыгожая шыльда не засланіла ад вас асноўнага.

Шышла (задзеты). Не разумею, да, собственна, да, на што намякаеце вы, айцец Кандраці!

Поп (хітра ўсміхаецца). Дух бодр, плоць немашчна. "Блюдите, како опасно ходите". Жанчына-ж - сасуд граха. І, каб спакусіць святых аскетаў, шатан прымаў аблічча жанчыны.

Шышла. Гэта факт, да, собственна, да. Але-ж і начальства, пасылаючы мяне сюды, чым-небудзь ды кіравалася-ж... Шышла не сказаў яшчэ свайго слова.

Поп. А вуха трымаць трэба востра: гутаркі крамольныя пайшлі. Расце нейкая сукрытая варожасць. А каля настаўніцы народ пакручваецца. Баюся, каб не было якраз тут непатрэбных крамольных гутарак. На мне, як на пастыру, а на вас, як на агенту ўлады, ляжыць абавязак падтрымаць дух народу і патрыятызм. Давайце пройдземся - хачу аб сім-тым пагутарыць з вамі. (Бярэ Шышлу пад руку. Выходзяць. Уваходзіць Марына з газетамі ў руках. Садзіцца на лаўку каля стала, кладзе на стол газеты.)