Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яе сын. Не трэба, мамка!

Дзед Мікіта (гаротна). Ох, божа, божа!

(На вуліцы яшчэ праходзяць запасныя з клункамі, іх праваджаюць жанкі і дзеці.)

Міхась (Дробу, не стрымаўшы нахлынуўшай тугі). А ну, Паўлюк, заіграй ты на дарогу так, каб аж сам чорт нам пазайздросціў.

Гузыр. Пакажы сябе, Паўлюк!

(Паўлюк бярэ гармонік, пачынае вясёлую, заліхвацкую штуку. Усе заціхаюць. Міхась і яго таварышы ў такт музыцы ўскідваюць плечы, ківаюць галовамі, пераглядаюцца. Міхась тупае нагою, пускаецца ў прысядкі. Танец яго жудасны, знадворнай вясёласцю прыхоўвае вялікае, усё болей нарастаючае гора.)

Дроб. Валі, валі, Міхась!

Алесь. Малайчына, Міхась!

(Міхась, Гузыр, Дроб танцуюць Лявоніху, да іх далучаецца яшчэ некалькі.)

Жонка Гузыра (кідаецца да яго, хапае яго за адзежу).

А як-жа ж я без цябе жыць буду.
А хто-ж цяпер нас прыгрэе,
А хто-ж нас прыгарне,
А хто ж нас пракорміць гаротных,
А хто-ж нашу гаспадарку даглядзіць,
А божа-ж наш, міласэрдны божа.
А за што-ж пакараў ты нас бедных.

Гузыр. Пакараў!.. сціхні ты! Годзе табе скавытаць! (Плешча ў ладкі, падпявае.

Затраслася наша хата,
Выпраўляючы салдата.
Тут галосяць і спяваюць
Разам хрысцяць і хаваюць.
Ідзі, салдат, на вайну
У чужую старану!
Ты не будзеш там араці —
Стрэльба будзе твая маці.
Стрэльба — жонка, стрэльба — цешча
Ды яна-ж цябе прыплешча.
Ідзі-ж, салдат, ваяваць,
Лоб пад кулі падстаўляць.

песні ўсім робіцца жудасна. Бабка Тацяна, Наста не выцерпелі і плачуць. Праходзіць яшчэ грамада запасных і стараста.)

Стараста (стукае кіем у вароты). Хлопцы, хлопчыкі! у дарогу! Пара, браткі!

Запасныя (з вуліцы). Гэй, пойдзем разам.

(Музыка абрываецца.)

Дроб (складае гармонік). Збіраймася, браткі! (Збіраюць клункі, прашчаюцца. Міхась цалуе бацьку і матцы рукі.)

Міхась (бярэ Гараську, высока падымае, цалуе). Расці, сынок, вось гэтакі. Памагай дзеду гаспадарыць, матку шануй і будзь добрым хлопцам.