Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Алесь. Ну, дзядзька Мікіта, бывайце.

Дзед Мікіта. Бывай, саколік. Ні бацька, ні маці не праводзяць цябе, чуй, дурань-браце!

Галасы жанок (плачуць). Ды куды-ж вас гоняць? Да як-жа мы тут жыць будзем?

Галасы. Бывайце здаровы! Прашчайце! Шчасліва і скора вярнуцца.

(Некалькі галасоў зацягнула: «Последний нонешний денечек», але песню перапынілі галасы жанчын.)

Жанчына. А братачка, родненькі, а галубочак сізанькі, а як-жа я адна сірацінка застаюся?

Селянін. Трымайся, трымайся, сястрычка. Вайна скончыцца, вярнуся жывы і здаровы.

Дзяўчына (дае падарунак). Вазьмі… вышыла. Глядзі не забудзься на мяне…

Хлопец. Я не забуду, ты толькі не забудзь, чакай мяне і не гуляй ні з кім. Вярнуся, вазьму цябе, а калі пачую што якое пра цябе, дык глядзі!

Дзяўчына. Ляксей, мой родненькі! Ды што ты — дык каб я што якое — варочайся хутчэй толькі.

Жанчына. А Міколачка, братачка родненькі. Няма ў мяне ні маткі, ні бацькі і цябе гоняць у чорную старонку. хто-ж цябе дагледзіць? Хто-ж табе кашульку памые?

Запасны. Бывай, сястрыца, родная, не сумуй.

(На вуліцы чуваць песня: «Последний нонешний денечек». Запасныя выходзяць. Наста з малым на руках, узяўшыся за Міхасёву руку, вісне на яго руцэ, замлявае. Працэсія аддаляецца, шум заціхае, моўкне. Каля хаты стаіць дзед Мікіта, Аслаў, панура звесіўшы галовы. Трохі далей — стараста, глядзіць услед знікшых запасных. Ззаду Дзяменя, крыху падвыпіўшы, спявае: «Соловей, соловей пташечка! Канареечка жалобно поет!» Дзяменя ўваходзіць адзін.)

Стараста. Ты што цягнешся, як кішка?

Дзяменя. Без строгасці, стараста. Лягчэй, ты цяпер мне не гаспадар. Я — казёны чалавек, салдат. Што ёсць салдат? Абаронец веры, цара і айчыны. А калі Дзяменя возьмецца за што, дык ну!

Старая жанчына. А сыночак мой міленькі, а я-ж цябе насіла, гадавала, гаравала.

Яе сын. Кінь, кінь, матуля, галасіць, слёзы не памогуць. Слязмі вайну не адхіліць, збожжа трэба з поля збіраць, а то асыпаецца.

Жанчына. Ой, Трахімка, а хто-ж мне памагаць будзе. А хто-ж мяне карміць будзе. Каб не гэта чорная хмара, свяціла-б нам яснае сонейка.

Яе сын. Супакойся, супакойся, матуля. Вернемся з вайны, немца разаб’ем.

(Жанчына млее.)

Стараста (да Патапа). Ну, ты, грубіян! Чаго марудзіш.