Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзед Мікіта. І галаву страціў сваю старую. Пастойце, дзеткі, чуй, дурань-браце.

(Варочаецца назад. Усе запыняюцца.)

Міхась. А праўда, хлопцы: адходнага шмаргануць трэба для храбрасці.

Дроб. Ды яно не пашкодзіла-б.

Міхась. Дык зойдзем у хату.

Гузыр. А мы тут, па-паходнаму.

Міхась. Ну, давай тут. Цягні бацькаў варштат. (Дроб ізноў іграе на гармоніку. Міхась і Гузыр выносяць варштат, на якім майструе дзед Мікіта.) Такога, брат, стала на пазіцыях не знойдзеш. (Міхась, Гузыр і Дроб знімаюць клункі, вешаюць іх на плоце. Дзед Мікіта нясе бутэльку, бабка Тацяна - закуску, Наста - абрус. Борзда накрываюць варштат.) Хоць у ліпені маёўку справім. Падыходзь, хлопцы, бліжэй.

Бабка Тацяна (плача). Забіраюць вас, мае дзетачкі. Ды хто-ж мне вочкі зачыніць! Хто-ж мае костачкі пахавае!

Дзед Мікіта (налівае чарку, п'е першы. Да Міхася). Здароў-жа будзь, сынок. Варочайся шчасліва і хутка дамоў.).

(Чарка пераходзіць з рук у рукі.)

Міхась (да Алеся). Што, прафесар, зажурыўся? Выпі!

(Алесь бярэ чарку.)

Гузыр. Што журыцца? Журыся, не журыся, а ісці трэба.

Алесь. Дык будзьце здаровы, мужчыны. Няхай журыцца той, хто вайну пачынае, ды зажурыцца так, каб не слязмі, а кроўю заплакаў.

Гузыр. Як яно там будзе, а ісці трэба.

Міхась. І пойдзем! Ў крыўду не дамося; пакажам немцам, па чым хунт сушанага ліха.

Бабка Тацяна. Няхай-жа вас бог святы бароніць. Варочайцеся здаровенькія.

Міхась (разыходзіцца). А я, брат, не абы што: я гвардзеец. Падвышэнне дадуць. Тады са мной да трох не гавары. (Падае каманду.) Рота справа ва ўзводную калону стройся!

Дроб. Камандзір з цябе добры.

Міхась. А што ты думаў. Яшчэ, брат, помню салдацкую службу.

Бабка Тацяна (выцірае слёзы). Вось гэтыя мужчыны - і вайна іх не пужае. Усё гатовы забыць, са ўсяго жартаваць.

Дзед Мікіта. Ох, божа, божа! Адзін ты Мікіта, чуй, дурань-браце, застаешся.

Жанчына. А, сыночак ты мой міленькі, дубочак зялёненькі. Пакідаеш мяне адну, як былінку ў полі. Ды на полі больш цябе не пабачу, ды ніколі больш цябе не пачую.