Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вернецца з яе, калі вернецца, то як. (Глядзіць у той бок, дзе спяваюць.)

Марына (хватае Алеся за руку). Не гавары ты гэтак. Толькі вярніся. Вярніся, Алесь, мілы мой.

Алесь (паволі, як-бы выпрабоўваючы Марыну). А калі вярнуся я… калекаю… без рук, або без ног?

Марына (узрушана). Не гавары так… не гавары… Я не хачу.

Голас старасты. Збірайся, выхадзі.

Алесь. Клічуць… Рвуцца апошнія звенні… Марынка, будзеш мяне помніць?

Марына (горача). Кожны час, кожны момант. (Кладзе галаву на плячо Алесю.)

Голас (— Не зводзьце часу!).

Алесь. Ну, Марыначка, любая мая, прашчай. (Падае руку, цалуе яе.)

Марына. Алеська… шануйся. Але ты вернешся. Ты вернешся. Я так хачу!.. Бывай-жа шчаслівенькі, здаровы. Пішы-ж мне пішы чым найчасцей. (Бяжыць і знікае.)

Алесь (засмучаны праводзіць вачамі). Так блізка яна і так далёка!.. Бяздонніца кладзецца паміж намі… А хто кладзе і для чаго? (Апускае галаву, стаіць момант, задумаўшыся.) Пяройдзена нейкая мяжа… Як гэта дзіўна.

(Ідзе ў хату дзеда Мікіты. Некаторы час сцэна пустая. Здалёку чуваць гармонік. Іграе матыў песні: «Ах, ты гора»…)

Жанчына. А куды-ж цябе гоняць?

Хлопец. Куды, куды? вайну нейкую выдумалі!

Жанчына. А на каго-ж ты мяне пакідаеш?

Хлопец. Ты глядзі, Алёна, сына сцеражы, зямлю даглядай.

Жанчына. Без цябе страшна.

Гузыр. Міхась! Міхась. (У акне аказваецца Міхась.) Сабраўся ты? Пойдзем разам.

Дроб (з гармонікам). Рушым, брат, у кампаніі: людзі пайшлі ўжо.

Міхась. Зараз, брат. Пачакайце трошкі. Чорт яе не забярэ, вайну, а без нас не абыйдзецца. А то зайшлі-б у хату.

Гузыр. Мы тут пачакаем. (Міхась адыходзіць.)

Дроб. Давай закурым. Спяшацца вельмі няма куды. Чорт іх там не пабярэ. (Дастаюць кісеты, закурваюць.)

Гузыр. Праваліся ты, гэтакае ліха.

Дроб. Агні-б яе спалілі гэтую вайну… Раптам, як з грому ў самы рабочы час…

(Выходзіць Міхась з клункам, за ім Наста, дзед Мікіта. Выбягае бабка Тацяна.)

Бабка Тацяна. Дык што-ж гэта мы, як-бы пасварыўшыся — (Да дзеда Мікіты.) Бацька! Трэба-ж было-б хоць пасілкавацца на дарогу ды па чарцы выпіць. (Плача.) Не ў госці-ж ідуць.

(Выходзіць Алесь.)