Старонка:Usiaslau 1939.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лічба нязвычайная нават для багатай вялікімі людзьмі ўсесьветнай гісторыі.

Асоба князя Усяслава Брачыславіча цікавая так-жа й з іншага боку: падобна як і многія з вялікіх людзей, князь гэты пакінуў па сабе ў гісторыі падвойны сьвет, дваякую памяць: „Слова аб палку Ігаравым” творыць Усяславу сьветлы арэол адважнага ваякі, добрага панаўніка, справядлівага судзьдзі й народнага героя, а з другога боку—Усяслаў быў героем паэтычнай казкі й народнай фантастыкі: летапіс рысуе нам яго, як „рожденного от волхвования” і „няміласэрнага на праліцьцё людзкой крыві”, урэшце паэтыка народных пяўцоў з гістарычнага Усяслава вытварыла тып казачнага перакіншчыка, каторы „днём людзей судзіць і ўпраўляе князёўскімі гарадамі, а ўночы воўкам носіцца”.

Але прыступім да характарыстыкі нашага беларускага нацыянальнага героя — князя Усяслава Брачыславіча.

Як адпраўны пункт дзеля характарыстыкі Полацкага князя возьмем водклік аб ім летапісных жаролаў з 1044 году:

„В лето 6552, — чытаем у Лаўрэнцеўскім летапісе,—умре Брячислав, сын Изяславль, внук Володимера, отець Всеслав, и Всеслав, сын его, седе на столе его, его-же роди мати от волхвования; матери-бо родивши его, бысть ему язвено на главе его; „се язвено навяжи нань, да носит е до живота своего”, „еже носить Всеслав и до сего дне на себе; сего ради немилостив есть на кровопролитие”.

Гэткі, так сказаць, палітычны пашпарт выдадзены летапісцам Усяславу Брачыславічу ў важны для яго год пасаджэньня яго на Полацкі пасад, у важны мамэнт выступленьня яго на сцэну гісторыі.

Так ці йнакш, але ўспомненая цытата з Лаўрэнцеўскага летапісу адносіцца, бяз сумліву, у лік загадачных бачынаў летапіснага тэксту. З аднаго боку чуваць тут водгалас усім ведамай;казкі аб чарадзею Волху й старасьвецкай быліны аб багатыру Волху Усяславічу, з другога боку — казачна-былінная фантастыка умела тут пераплеценая рэальнасьцю прастадушнай легенды аб загадачным „язвено на главе его” ад самага нараджэньня й аб насімым ім чарадзейскім талізмане. І ў гэткую вось рамку, дзіўна размалёваную паэтыкай і забабонам народных погаласак, устаўлены аканчальны пагляд аб маральным вобліку князя, як чалавека суровага й неміласэрнага на кровапраліцьце. Падобная характарыстыка асабліва падатную глебу дзеля свайго распашырэньня магла знайсьці іменна ў Кіеве, пад уладу каторага не хацеў скланіць сваей гордай галавы магучы Полацкі князь.

Але на паказаньне аб чарадзейскім нараджэньні Полац-