Старонка:Usiaslau 1939.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

турна-палітычнай эвалюцыі, якую перажылі Крывічы ў басэйне Дзьвіны ў X—XII в. А эвалюцыя гэта была вельмі характэрная: у той час, калі Ноўгарадзкія Славяне на берагох Волхава імкнуцца апрацаваць у сябе палітычную форму дэмакратычнага рэспубліканства, Полацкія Крывічы на берагох Дзьвіны, праз сваіх свабодалюбівых князёў, стараюцца сконцэнтравацца ў незалежнае Крывіцкае княства, сарганізаваць незалежную дзяржаву (гаспадарства). Гэтым і тлумачыцца жорсткая барацьба Кіева з Полацкам, закончаная нябывала трагічным эпілёгам — ссылкай полацкіх князёў у Царгорад.

Недастатак мясцовых летапісных вестак аб Полацкіх здарэньнях тым больш даецца горка адчуць, што аўтары Кіеўскіх і інш. летапісаў, з каторых і даведваемся аб гэтых здарэньнях, не маглі быць да Полацка безстароннымі. Наадварот, у Кіеве імя Полацка ў старыя часы, паводле ўсяго, выгаварвалася з адценкам глыбокай упярэджанасьці, задорным тонам забабону…

Дакумэнтам гэтага зьяўляецца цікавая легенда «о предивном чюде ў Полотську», згодна з Іпацкім, а йшчэ лепш Цьвярскім летапісам «об устрашеніях и мечтах бѣсовских в Полотску при князѣ Всеславѣ». Летапісец у наіўна-дзіцячым тоне расказвае аб штуках бясоў над Палачанамі на гарадзкіх вуліцах і пляцох падчас пануючай у Полаччыне ў 1092 г. нейкай пошасьці, захапіўшай з сабой многа людзкіх ахвяраў. Сам факт вялікага пашырэньня гэткай легенды, якая сталася нават сюжэтам народнай дасьціпнасьці й запісана з многімі варыянтамі ў шматлікіх летапісных аглядах, зьяўляецца выразным доказам, як адносіліся суседнія землі да далёкай Полаччыны. Падобна таму, як Літоўская зямля доўгі час лічылася жаралом усялякіх дзіваў і чараў, гэтак краіна Полацкіх Крывічоў у XI—XII в. слыла, як старонка чараў і загадачных зьяваў, лічылася нейкім зачараваным кутком.

Незважаючы на гэткую легендарнасьць вестак аб старым Полацку, адна магутная асабістасьць з сям’і Полацкіх князёў пакінула па сабе вельмі яркі й выразны знак на фоне ўдзельна-вечавой гісторыі. І быў час, калі імя гэтай асобы шырака разнасілася ў народнай погаласцы ў самыя далёкія куткі ўдзельна-вечавой Русі; калі імя гэта было аднолькава слаўным і грозным ува ўсіх слаёх тагочаснага грамадзянства, пачынаючы ад ягоных вярхоў, у асобах прадстаўнікоў многалічнай княжай сям’і Рурыкавічаў, і канчаючы глыбокімі нізамі народу пад відам ці то неспакойных грамадаў свабодалюбівага веча на Кіеўскім рынку, ці то цёмных масаў чужаземнага насельніцтва, у родзе фінскага племя — Воді.

Гэта імя было імем Полацкага князя Усяслава. Гэты слаўны князь пракняжыў у Полацку цэлых 57 гадоў (1044—1101 г.г.).