Старонка:Usiaslau 1939.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сымболю чараўніцкага чуцьця князем здалёку знаёмага перазвону Софійскіх званоў. Гэта напамінаньне аб Полацкай Софіі адносна часу аказваецца самым старадаўным дакумэнтам, з якога адкрываецца, наколькі Софійскі храм блізкі быў сэрцу Усяслава Брачыславіча.

Адпадае так-жа ўсякая тэндэнцыя прадставіць князя Усяслава «немилостивым на кровопролитие», жорсткім, бо паводле дакладнага хронолёгічнага аблічэньня, як вышэй ужо было ўспомнена, нават пятая часьць ягонага княжэньня ня была праведзена на войнах.

Калі мы бліжэй і глыбей удумаемся ў глыбейшыя мотывы сутычкі Усяслава з Яраславічамі, дык пабачым, што ў крыві Усяслава, як аднаго з Рогваладавічаў, жыла пастаянная, прыродная, стыхійная ненавісьць да Яраславічаў. Ягоная душа жадала крывавай радовай помсты за зьняважаную чэсьць Рагнеды, насільна аддадзенай замуж за Кіеўскага князя Уладзімера, і за забойства ваяводам Дабрынёю ейнага бацькі, маткі і двух братоў. Усяслаў вельмі добра разумеў, што пагалоўнае вынішчэньне мужчынскага пакаленьня Рогвалада ня было выпадковым рэзультатам жорсткай мсьцівасьці Дабрыні ці звычайнай праявай фізычнай сілы заваяваньня з боку Кіева: даводзячы да ваенна-тэрыторыяльнага захапленьня Рогваладавых земляў, яно ў сапраўднасьці азначала палітычную сьмерць Полацкага княства, як самастойнага гаспадарства. Вот чаму ў часе княжэньня Усяслава трагічная барацьба Кіева з Полацкім княствам дасягае крайняга напружаньня.

І пакуль на чале Полацка стаяў Усяслаў, датуль, натуральна, ягоная нясчэрпаная энэргія, нязломная воля й львіная адвага, апёртыя пры гэтым на магутнае падтрыманьне Полацкай краёвай сілы, служылі надзейнай запорай, састаўлялі моцнае апірышча проціў захопніцкіх плянаў Кіева.

Па сьмерці Усяслава ў гісторыі ўзаемаадносінаў Палачанаў і Паўдзённа-Русаў азначаецца пералом. Ужо ў другой палавіне княжэньня Усяслава, калі на паўдзённым кругазоры Русі праціўнікам Полацкага князя Усяслава зьяўляецца Уладзімер Манамах, ваенныя сутычкі Полацка з Кіевам замест дагэтуляшняга зачэпніцкага набываюць характар абаронны. Бязспрэчная перавага паўдзённай коаліцыі над Усяславам у другой палавіне княжэньня, асабліва ад 1077 г., калі ваенныя й матарыяльныя сілы Полацкага княства ў напружанай барацьбе былі даволі вычэрпаны, паказалася ў жорсткім спусташэньні Полаччыны войскамі коаліцыі й у разгроме цэлага раду гарадоў — Менска, Друцка, Полацка і інш.

Паходы сына Ўладзімера Манамаха — Мсьціслава — на Крывічоў у 1127 і 1199 гг. былі сумнай разьвязкай трагічнай векавой барацьбы Рогвалодавічаў з Яраславічамі.