Старонка:Usiaslau 1939.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі ў 1129 г. на наказ Кіева прыняць учасьце ў паходзе на полаўцаў, Усяславічы адказалі адмоўна, засланяючыся мноствам сваіх хатніх неадкладных спраў у Полацкім княстве, тады вялікі князь паддаў іх бязпрыкладнай жорсткай кары. Блізу ўвесь род Усяславічаў ў асобах галоўных ягоных прадстаўнікоў, разам з іхнімі жонкамі і дзяцьмі, быў на прыказ азгневанага князя схоплены й высланы з Краю аж у Царгорад, а Полаччына, як звычайны удзел Манамахавічаў, была аддадзена пад уладу вялікакняскіх намесьнікаў, на чале з Ізяславам, сынам вялікага князя. Гэта згнаньне і было эпілёгам крывавай барацьбы Рогвалодавых унукаў з унукамі Яраслававымі ў XI—XII в.в.

Пачаўшы ад пагалоўнага вынішчэньня Дабрынёю мужчынскага караня Рогваладавага патомства, г. зн. ад фізычнай, так сказаць, сьмерці Полацкай княскай дынастыі, гэта барацьба заканчываецца так-жа пагалоўнай высылкай з роднага краю ўзноўленага, ужо па жаноцкай лініі, таго самага патомства, г. зн. цывільнаю сьмерцю дынастыі. Гісторыя аднак даказала, што, незважаючы на нязвычайнасьць гэтак выняткавых мерапрыемстваў, Мсьціслаў, падобна як і Дабрыня, зусім непатрапіў дасягнуць намечанай мэты… Вынішчанае Дабрынёю мужчынскае пакаленьне князя Рогвалада, як ведама, узноў аджыло па жаноцкай лініі, узноў ускрэсла ў асобах многалічных прадстаўнікоў Рагнедзічаў, каторыя й аселі ў удзелах Полаччыны, абноўленай самым-жа Уладзімерам. Таксама й сасланы ў Грэцыю род Рогваладовічаў хутка па сьмерці Мсьціслава (15.IV.1132 г.) узноў зьявіўся ў родным горадзе й вярнуў сабе правы на Полацкі пасад пры маўклівай згодзе вялікага князя. Як у 1070 г. князь Усяслаў, у той час бедны бяздомнік і палітычны згнаньнік, прагнаў з Полацкага пасаду накіненага Крывічом Сьвятаполка Ізяславіча, так у 1133 г. выгнаны быў з Полацка другі Сьвятаполк, сын Мсьціслава, заменены ўнукам Ўсяслава — Васільком.

Такім чынам, прасьледзіўшы коратка аснаўны ход барацьбы ўнукаў Рогвалада з унукамі Яраслава, мы можам зрабіць безпамылковы вывад, што гэты векавы працэс трэба разглядаць не як прадукт асабістых узаемаадносінаў двух княскіх родаў, не як рэзультат самай толькі ініцыятывы й жалезнага характару Усяслава, але як цьвёрдая і няўклонная абарона Крывічамі сваей самабытнасьці, сваей свабоды, свайго палітычнага й соцыяльнага ладу. У гэтай барацьбе асабліва выразна паказалася лучнасьць князя з народам.

Ацэньваючы роль самага Усяслава ў гэтых падзеях, можна сказаць, што ў ягонай асобе на гістарычную арэну выступіла фігура выразнай сілы й хараства, асоба моцная сваім розумам, энэргіяй і творствам… З рэдкай уніклівасьцю князь