Старонка:Usiaslau 1939.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вам без паважных дагэтага прычын, а толькі пад уплывам краважаднага інстынкту заваяваньня або з прычыны нездаволенага пачуцьця гонару.

Летапісная хронолёгія паказвае, што цэлыя сорак гадоў княжэньня Усяслава прайшлі спакойна, бяз крывавых сутычак з паўдзённа-рускімі князямі,—знача княжэньне было пасьвячана культурнай рабоце. Магутным адгалоскам народнай памяці аб гэтай нутранай канструктыўнай дзеяльнасьці Усяслава зьяўляецца сказ у «Слове»:

„Всеслав князь людям судяше, князем грады радяше”.

Гэтым сказам, па першае, падчырківаецца дзейнае ўчасьце Усяслава ці то асабістае, ці праз намесьнікаў, і цівуноў, пры разборы ўсялякага роду справаў і жалабаў, узьнікаўшых сярод народу, сярод гарадзкіх і сельскіх жыхароў Полацкага княства, а, па другое—словамі «князем грады рядяше»,—падчырківаецца кіруючая гаспадарственная дзейнасьць Усяслава, якая праяўлялася ў разьмяшчэньні па ўдзелах Полацкага княства многалічных з ягонай сям’і сыноў, унукаў і праўнукаў на падставе «рядов»[1] ці дагавораў, на што патрэбна было глыбокае знаёмства індывідуальных свомасьцяў князёў, дакладнае знаёмства мясцовых патрэбаў, жыцьцёвы досьлед, гаспадарственная тактоўнасьць, што й азначаецца, як характэрная рыса Усяслава.

Тая самая летапісная крыніца дае цьвёрдыя падставы лічыць князя Усяслава, як першага будаўнічага аднаго з найстарэйшых і найцаньнейшых царкоўных памяткаў Беларусі, пайменна — саборнага храма сьв. Софіі ў Полацку.

„Тому в Полотське, — кажа „Слово”, — позвониша заутреню рана у Сьв. Софіі в колоколы, аон в Кыеве звон слыша”.

Каб ясна зразумець гэта месца «Слова», трэба мець на воку, што Усяслаў ад м-ца ліпня 1067 г. аж да красавіка 1069 г. знаходзіўся ў Кіеве, спачатку, як ваенна-палонны, у цёмным падвале, а пасьля,—як вялікі князь (у 1068г. Кіеўляне паўсталі проціў вял. князя Ізяслава й прагналі яго, а на вялікакняскі пасад узьвялі Усяслава Полацкага, прад тым пасаджанага старшымі князямі ў вязьніцу).

І тут якраз Усяслава, як гарачага патрыёта, відавочна мучыла туга за бацькаўшчынай, за Полацкай Софіяй, якая асабліва дарагая была ягонаму сэрцу, як ейнаму будаўнічаму, што нават гук Софійскіх званоў быў добра знаёмы княжаму слуху, бо-ж Ўсяслаў быў і фундатарам гэтых-жа званоў.

«Слова аб Палку Ігаравым» паэтычна паказала гэту «тугу за бацькаўшчынай« Полацкага князя ў пекным мастацкім

  1. Слова „рядить” у стараславянскіх памятніках абазначае — кіраваць, упраўляць, распараджацца.