Старонка:Usiaslau 1939.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ізяславіча, ягоны трэці напад на Ноўгарад у 1077 г. і заваладаньне Смаленскам у 1078 г. Але за апошняе ён сьцягнуў на сябе гнеў Уладзімера Манамаха, каторы разам з князем Сьвятаполкам і гордамі дзікіх полаўцаў асадзіў Полацак і ў выніку прадмесьці яго былі спалены, але самая крэпасьць устаяла… Словам, ніякія жорсткасьці саюзьнікаў, ні іхнія грабяжы Полацкай зямлі, нават азьвярэласьць і барбарства полаўцаў, ня змусілі аднак Полацкага князя адказацца ад абароны незалежнасьці свае бацькаўшчыны й ад сапраўдных задачаў ягонай эканамічнай палітыкі, заветная мэта якой была: валадаць гандлёвымі шляхамі ў басэйнах Дзьвіны й Дняпра.

Дзеля правільнай ацэнкі маральнага аблічча Усяслава, ня можна забывацца й аб тым, што ў барацьбе з Кіевам князь гэты прадстаўляецца ня гэтулькі ў фарбах урачыстых перамогаў над бязлікімі сваімі ворагамі, колькі ў церпячай ролі рашучага праціўніка, бойка баронячага жыцьцё, маемасьць і зямлю сваіх людзей (грамадзян) ад барбарскага вынішчэньня іх паўдзённа-русамі і полаўцамі. Ён пераносіць беды й цярпеньні ад другіх людзей значна больш, чым сам іх прычыняе.

Вось чаму й «Слова аб палку Ігаравым» ў асобе Усяслава бача недасяжны прыклад і высокі ідэал для ўсіх ягоных патомкаў, тым больш, што апошнія паказаліся недастойнымі свайго вялікага дзеда, «выскочили из его славы», маладушна скланіўшы прад ворагамі свае сьцягі і злажыўшы ў похвы свае вышчэрбленыя мечы.

Такім чынам, калі водклік аўтара «Слова» аб Усяславе параўнаць з усей характарыстыкай гэтага-ж князя, дык абраз яго, як князя бязлітаснага, павінен зьнікнуць.

Яшчэ больш няправільнай пакажыцца летапісная характарыстыка Усяслава, калі прыняць пад увагу дакладныя цыфровыя дадзеныя з хронолёгіі ягонага княжэньня. Вышэй паказаны крывавы рад гадоў (1065—1070, 1077—1078 г.г.) барацьбы Усяслава з Яраславічамі не прадстаўляе нават пятай часьці ўсяго ягонага княжэньня, якое абыймае больш, як поўвекавы пэрыяд часу (1044—1101). На працягу 10-цёх гадоў княжэньня Яраслава Мудрага (1044—1054) і ў першае дзесяцігодзьдзе панаваньня ягонага сына Ізяслава (1055—1065) Полацкі князь жыў у поўнай згодзе з Кіевам. Пад 1060 годам успомнены ў летапісе нават супольны паход трох Яраславічаў з Усяславам проціў Тюркаў (народ тюрка - татарскага паходжаньня), які давёў гэтых качаўнікоў блізу да поўнай гібелі. Гэткае ўчасьце Ўсяслава ў агульна-народнай абароне рускай зямлі й яшчэ маладой ейнай культуры ад націску дзікіх сьцяповых грабежнікаў у той час, калі сама Полаччына ўжо пачынала цярпець ад нападаў Літвы, загадвае сумлівацца, як мог Усяслаў парваць доўгалетні (1044—1064) саюз з Кіе-