Старонка:U tsihaj vadze 1925.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Глядзі, каб не падашукалі! - прасьцярог яго Андрэй Падгорны.

— Чаго ты сьмяешся? - накінуўся на яго Янка: — куст ты альховы! Ты знаеш, хто я? Я — дэмократ і забастоўшчык першай гільдыі… Хлопцы! браткі мае родныя! Хадзем бунтавацца…

— А вунь вураднік! — пастрашыў яго стары Базыль.

— Дзе ён?! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды!

Людзі пацяшаліся, а Янка, згарнуўшы кулакі, біў імі па паветры, мясіў нагамі пясок, як-бы там ляжаў вураднік, а ён яго мясіў нагамі.

— Вось падла, Янка! глядзі ты, што ён вычварае.

Невядома, што зрабіў-бы Янка са сваім вураднікам, каб ня прышла жонка. Яна трымала пад пахай мешалку.

— Вось, брат, папаўся! — жартавалі сяляне.

— Сьпяваў, што „няма каму бараніць“, — бараніся-ж сам.

— А каб ты смалы напіўся, гад! — крыкнула жанчына, і мешалка мільгнула ўгары і гладка прыстала да сярэдзіны худога Янкавага цела.

— Што робіш? — крыкнуў, нібы сярдзіта, стары Базыль на Дударыху: — ня бачыш ці што? Ён зямлі і свабоды дабіваецца людзям, а яна яго мешалкаю!

Мешалка паддала Янку сілы, і ён даволі борзда стаў на ногі.

— Арыштую! — крычаў ён на жонку: — не палагаецца насіць аружжа! У арыштанскія роты аддам па 25 стацьці!

— Так, так, Янка! — падтрымоўвалі яго суседзі.

— Ваенна-палявым судом судзіць буду! — бушаваў Янка: — Я — забастоўшчык, а ты хто? Чорнасоценец! От хто ты! — гаварыў Янка сваёй жонцы, ужо ідучы да дому.

III

— Скажы мне, Раман, што гэта ў вас за чалавек зьявіўся? — пытаў стражнік у соцкага.

— А ці я ведаю?

— Можа-ж чуў што пра яго?

— Чуць то чуў, ці мала што людзі гавораць.

— Прызнавайся, Раман, нечага адвільваць. Што ты чуў?

Раман агледзіўся навокал і ціха сказаў: