Старонка:U tsihaj vadze 1925.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дык вам мужык так і скажа, асабліва галадранскі мужык. Гэта — гадаўё!

— Калі зьявіліся проклямацыі ў Галадранцы?

— На тэй нядзелі ў пятніцу.

— Вось што, браце, — пачаў, памаўчаўшы, вураднік голасам начальства: — заўтра ты паедзеш у Галадранку і навядзеш дакладныя спраўкі аб гэтым рэволюцыянэры. Мы яму пакажам свабоду! Зайдзі да соцкага, Рамана Камлюка. Але ня надта выкладай яму ўсё на талерку: трэба помніць, што ён — галадранец, забастоўшчык.

II

— Скажы, брат, — пытаўся адзін худы, высокі, як цапільна, галадранскі селянін, гаворачы „брат“ усёй грамадзе, — што гэта за чалавек? пэўна „сіцылісты!“

— Гэтакі ён „сіцылісты“, як ты, напрыклад, маёй кабыле дзядзька, — адказаў яму Андрэй Падгорны, чалавек лёгкі на язык.

Усе зарагаталі.

— А ты, мусіць, знаешся на „сіцылістых“, як мая сьвіньня на пастох?

— Разумны напаў на разумнага, — сказаў стары Базыль, не выпушчаючы з зубоў люлькі.

— Нашлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь з-пад карчмы: — Андрэй гаворыць праўду. Ці-ж „сіцылісты“ пойдзе да папа або будзе лаяць сам сябе?

Галадранскі соцкі, Раман Камлюк, замысьліў, як відаць, нешта хітрае, бо засьмяяўся сам сабе ў доўгія вусы, але нікому не сказаў, чаго засьмяяўся, і пашоў да хаты.

Да сялянскай грамады падыходзіў Янка Дудар. Яму было надта весела, ён сьпяваў на ўсю вуліцу:

А ты, Янка, не зважай
На кажух падраны…

Ногі ня слухалі Янкі, а йшлі, як хацелі: адна ўлева, другая ўправа, а сам Янка падаваўся то ўзад, то ўперад, то ў адзін бок, то ў другі.

Прадам бульбу, прадам жыта,
Абы было шыта-крыта…

зачаў Янка другую песьню.