Старонка:U tsihaj vadze 1925.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СОЦКІ ПАДВЁЎ

I

Важна ходзіць па мястэчку вураднік, пакручваючы рыжыя вусы. Пры баку ў яго целяпаецца трапло-шабля, чырванеюць шнуры і наплечнікі і блішчаць на сонцы наваксованыя боты. Ён толькі што прыехаў на службу; у яго галаве мітусяцца тысячы думак, — думак аб тым, як зьвясьці крамолу. Яму здаецца, што ён выкрыў „праступнае саобчаства“, захапіў лісты, рэвольвэры й бомбы, і ўсё гэтадаставіў да начальства. Яму даюць павышэньне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а потым… і пашоў наш вураднік у гару, як цыган па драбінах на неба. Пры гэтым вураднік аж засьмяяўся сам сабе і ляснуў рукамі па сваіх тоўстых кумпякох.

— Гм! ты кажаш „падазрыцельны“ чалавек? — пытаў вечарам вураднік сваю правую руку — гарбатага стражніка.

— Бясспрэчна падазрыцельны! — сказаў стражнік таемным, паніжаным голасам.

— І ты яго бачыў?

Бачыў, гаспадзін вураднік. І цікава тое, што ён — малады чалавек і астрыжаны! Звычайна ўсе крамольнікі кудлатыя і абарваныя. А гэты нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпяразан шырокім поясам… Гатоў у заклад ісьці, што гэта самы настаяшчы „сіцылісты“.

— А ты ня пытаўся аб ім? Не наводзіў справак у мужыкоў?