Старонка:U tsihaj vadze 1925.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У чым дзела?

— У вас, бацюшка, праступнік начуе! — сказаў вураднік.

— Ня можа быць!

— Аб гэтым будзем талкаваць потым… звольце паказаць, дзе ён.

Поп пабялеў і стаяў, як укапаны, толькі губы яго дрыжалі, і ён шаптаў:

„Ад вешчы, ва цьме прахадзяшчыя, ад беса палудзеннага“…

Увашлі ў пакой, дзе спаў „сіцылісты“. А таму й гора мала: сьпіць сабе на баку, толькі носам сьвішча й храпе, як пшаніцу прадаўшы. Вураднік прыставіў да яго каравул, а сам запусьціў руку ў яго дарожную раменную торбу і выцягнуў цэлую жменю лісткоў. Нікому і ў галаву ня прышло паглядзець, што гэта былі за лісткі.

А „сіцылісты“ ўсё сьпіць — проста вураднік ня ведае, як арыштаваць соннага чалавека. На помач яму прышоў соцкі. Ён папароў соцыялістага, як мядзьведзя, — кіем. Схапіўся „сіцылісты“, вырачыў вочы — і рукою пад падушку, дзе ляжаў рэвольвэр. Тут на яго накінуліся стражнікі і дзесяцкія. Усе зьляпіліся ў адзін клубок і некалькі часу мітусіліся па пакоі. У канцы адзін дзесяцкі вырабіўся з гэтай кучы, папляваў на рукі і, скамандаваўшы сам сабе: „Ну, Сымон! вазьмі па праўдзе!“ — згроб і стражніка і „сіцылістага“, падняў іх „на жывот“, потым спрытна падставіў ножку і аблажыў абодвух.

— Каторы тут з вае „сіцылісты?“ — пытаў ён, седзячы наверсе.

Стражніка аслабанілі, а „сіцылістага“, якому вураднік палічыў сваім абавязкам даць у зубы за спраціўленьне, — зьвязалі.

— Як вы сьмееце? — крычаў „сіцылісты“. — Я член „саюзу рускага народу“.

— А гэта што? — паказаў вураднік на лісткі й рэвольвэр.

— Цягні яго, хлопцы!

— „Яко ісчэзае воск ад ліца агня“, — маліўся поп.

V

„Сіцылістага“ вялі па пустой вуліцы. Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі і, глянуўшы на гэтую процэсію, мусіць засароміўся людзкога глупства, бо зараз-жа схаваўся ў другой