Старонка:U glybi Palessia 1927.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Pасказаў далей дзяк, як жылі ў раі Адам з Еваю, як ім было добра, якія былі там сады і дрэвы і якую запаведзь даў ім бог. Але найболей цікава расказаў дзяк, як людзі саграшылі і як Бог караў іх за гэта.

"Паслухаў Адам сваю жонку, зьеў яблык з забароненага дрэва. А як зьеў, дык адразу пазнаў, што зрабіў брыдка.. Нядобра яму зрабілася і першы раз аблаяў Еву, як мае быць. А тая маўчыць — ну, што ты возьмеш з бабы? Кінуў Адам Еву і пайшоў у дубы. Лёг пад дубам і ляжыць. Аж чуе — бог па раю ходзіць. Сорамна Адаму богу ў вочы зірнуць. Ляжыць, не ўстае. Чуе — з Еваю гамоніць"

— А дзе твой Адам?

Апусьціла вочы Ева, маўчыць.

— Чаго-ж ты маўчыш? Дзе, кажу, Адам?

— Ня ведаю.

— Як "ня ведаю?" А хто-ж павінен ведаць? — Глядзіць на яе бог строга. — Гэта, кажа, мая мілая, з цябе сьвет гарыць! Я ўсё бачу і ведаю. Пачакай, кажа, я з табою яшчэ пагавару! Пайду толькі таго лайдака пашукаю. Як мяне — дык не хачу слухаць, а жонку нябось паслухаў! — Чуе ўсё гэта Адам. Страшна яму. Стаіўся за дубам і ані чхне. Прайшоў бог так і гэтак, глядзіць — няма Адама. Дзе-ж ён, кажа, падзеўся? Давай яго клікаць.

— Адам!

А той Адам — ані гу-гу.

— Адам! — яшчэ мацней гукае бог.

А мой Адам і галаву прыгнуў. Бог-то ведае, дзе Адам, але хоча, каб ён хоць трохі пакаяўся і сам папрасіў, каб дараваць яму грэх.

— Адам, дзе ты?

Не падае Адам голасу.

Тут дзяк уваходзіць ў ролю ўгневанага бога і прыпісвае яму свае ўласьцівасьці.

— Угневаўся бог, ды як крыкне: "Адам, трасца тваёй галаве, дзе ты, гад?!"

Бачыць Адам, што нідзе тут дзенешся — вылазіць з-пад дуба.

— Нашто ты еў тое, што я табе не дазволіў?