Старонка:U glybi Palessia 1927.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паглядзеў бог і кажа: Добра вышла. Назаўтра бог устаў рана і пачаў майстраваць неба. Зрабіў, падзівіўся — добра. Калі ёсьць, неба, дык трэба, каб і зямля была. Зрабіў бог і зямлю. Але зямля была пустая і неўпарадкаваная, перамешаная з вадою. Ды ўжо было позна. "Заўтра зраблю", думае бог. Назаўтра ён устаў яшчэ раней, бо работы было процьма. Трэба было нарабіць рэчак, азёр, мароў, ну, і балота таксама трэба чалавеку. Вось гэта ўсё і зрабіў бог на чацьверты дзень. А каб яшчэ было харашэй, дык ён і цацак нарабіў на небе: сонца, месяц і зоры. У пятніцу, гэта значыць, у пяты дзень, нарабіў бог рыбы ў вадзе і птушак у паветры. Весела зрабілася на зямлі: тут табе і трава і дрэВы растуць, вецер гэтак шуміць у лісьцях, птушкі сьпяваюць, проста і ў хату ня хочацца ісьці. Не хватала яшчэ зьвяроў і чалавека. У шосты дзень нарабіў бог зьвяроў.

— І чалавека! — падказваюць дзяку.

— Не, стой: наперад не забягайце. Перад тым, як стварыць чалавека, была нарада паміж богам айцом, духам і сынам. Бог кажа: "Трэба стварыць чалавека па вобразу і па падабенству да нас". Узяў бог гліны, зьляпіў чалавечка і хукнуў. Як хукнуў, чалавек зараз і ажыў. Пайшоў ён хадзіць, разглядацца. Ды падобнага да сябе нікога ня бачыць. Маркотна стала Адаму-першы чалавек называўся Адам. Нідзе ня прыткнецца бедны. Ходзіць, як посьля добрай выпіўкі, шукаючы, каб чым апакмяліцца. Пазіраў на яго бог, пазіраў ды кажа: "Нядобра чалавеку быць аднаму — трэба ажаніць яго“. Дзяўчат-жа на сьвеце ня было, у сваты яго не павязеш. Трэба іншую раду даваць. Натупаўся Адам, ходзячы па зямлі, і моцна заснуў. Вось тады бог узяў з яго адно рабро і з рабра выштукаваў кабету і назваў кабету Ева. Прачнуўся Адам ды як глянуў на яе, дык увесь і прасьвятлеўся. А бог пазірае ды цешыцца. "Бяры, кажа, яе: няхай яна будзе табе за жонку. Жывеце, кажа, у згодзе, у добрым ладзе, не сварэцеся, ня бецеся. А ты, Ева, даглядай свайго мужа. Вось гэта ўсё, што вы бачыце, гэта ўсё ваша. Будзьце-ж гаспадарамі над усім, што на зямлі. Не забывайце бога, у цэркву хадзеце. На папа і на дзяка таксама не забывайцеся, бо яны за вас мяне моляць".