Старонка:U glybi Palessia 1927.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Міхалка.

— Прозьвішча тваё пытаю, дурань!

— Мажэйка.

— Гэта які Мажэйка, што каля кузьні?

— Эгэ, — адказвае вучань.

— А як цябе дражняць?

Міхалка маўчыць, а з усіх куткоў, наўперад ціха, а потым мацней гучаць галасы:

— Латак, Латак!

— Многа нарабіў ты ў агародзе дзірак? — пытае дзяк.

— Не, нямнога.

— Ну, колькі?

— Можа з дзесятак морквaчaк і вырваў.

— Ах ты, гіцаль! Ну, садзіся.

Пад дружны рогат дзяцей Міхалка садзіцца, а дзяк тупае нагамі і рукамі махае, каб заспакоіць іх.

— Хоць вы і вучыцеся, але нічога вы ня ведаеце, — пачынае дзяк цэлую прамову, прычым гаворыць паляшуцкаю моваю, якою ён валодае лепей, чым расейскаю.

— Пачнем з канца, або з самага пачатку, бо вы — дурні і нічога ня ведаеце... Дык, вось, так. Нічога наўперад ня было: Ні неба, ні зямлі, ні нашых пінскіх балот, ні чароту на іх.

— А чым тады ў печы палілі? — пытае хтось ззаду.

— І пячэй ня было і хат ня было, — адказвае дзяк: — Нічога ня было. Быў адзін толькі бог... А дзе жыве бог? — перапыняе сам сябе дзяк і раптам пытае вучняў.

— На небе! — гудуць дзеці.

— Так, на небе. Сëе-тое вы ведаеце. Ну, а вот як неба ня было, тады дзе жыў бог?

— На ўсякім месьце.

— О, шэльмы, і гэта ведаеце. Ну, што-б у вас запытаць, чаго вы ня ведалі-б... Ага. Скажэце, колькі асоб у бога.

— Тры: бог айцец, бог сын і бог дух сьвяты!

— Вось арыштанты! І гэта вы ведаеце. Ну, буду казаць далей. Дык нічога ня было. Толькі дух божы насіўся над бяздоньніцаю. І замысьліў сабе бог стварыць сьвет. Аддзяліў бог сьвятло ад цьмы і назваў сьвятло — дзень, а цьму — ноч.