Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І я! А калі мы ім скажам, што навучыліся курыць, калі былі піратамі, то яшчэ больш зайздросціць будуць.

— Ды ўжо-ж! Вядома, будуць.

Праз некаторы час гэтая гутарка нейк завяла і пачала перарывацца. Паузы рабіліся даўжэйшымі. Затое колькасць сліны надзвычайна павялічылася. Рот у кожнага хлопчыка ператварыўся нібы ў фантан. Яны ледзь паспявалі ачышчаць скляпенні ў сябе пад языком, каб папярэдзіць паводку. Не гледзячы на ўсе іхнія намаганні, ім залівала горла, і кожны раз пасля гэтага рабілася млосна.

Абодва навічкі збялеліся, і выгляд у іх быў самы няшчасны. У Джо вывалілася люлька з аслаблых пальцаў, у Тома таксама. Нарэшце, Джо слабым голасам прамовіў:

— Я згубіў свой ножык, трэба пайсці пашукаць.

Том дрыжачымі губамі і перарывістым голасам вымавіў:

— Я памагу табе. Ты ідзі ў гэты бок, а я пайду вунь туды, к крыніцы. Не, Гек, ты не ідзі за намі, мы самі знойдзем.

Гек усеўся на сваё месца і чакаў больш гадзіны. Потым знудзіўся і пайшоў шукаць таварышоў. Ён знайшоў іх ў лесе, далёка адзін ад аднаго; абодва былі бледныя і нейкія сонныя. Але нешта падказала яму, што калі раней ім было вельмі дрэнна, то цяпер прычына гэта адхілена.

За вячэрай абодва былі маўклівыя, глядзелі неяк баязліва, і калі Гек пасля вячэры закурыў люльку і прапанаваў ім таксама, то абодва адмовіліся, спасылаючыся на хворасць, — мабыць у абед яны з’елі што-небудзь такое, што пашкодзіла ім.

Раздзел ХVІ

А поўначы Джо прачнуўся і пабудзіў таварышоў. У паветры была злавесная духата. Хлопчыкі збіліся ў кучу і ціскаліся бліжэй да агня, хоць ноч была вельмі цёплая. Яны сядзелі і ўважліва прыслухоўваліся. Ззаду ўсё танула ў непрагляднай цемры.