Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І я таксама, — падтрымаў Джо. — Зусім плёвая справа!

— Колькі разоў глядзеў я, як іншыя кураць і думаў: «вось каб і мне навучыцца!» але быў упэўнены, што мне не ўдасца. Вось я заўсёды такі. Праўда, Гек? Ты-ж чуў гэта ад мяне? Вось няхай Гек скажа.

— Так, казаў многа разоў, — пацвердзіў Гек.

— Ну але, казаў сотні разоў. Адзін раз, памятаеш, гэта было каля бойні. Там былі яшчэ Боб Тэнэр, Джоні Мілер і Джэф Тэчэр. Ты памятаеш, Гек, што я сказаў?

— Так, памятаю. Гэта было ў той дзень, калі я згубіў свой мячык… Не, напярэдадні.

— Ну вось, Гек памятае.

— Я думаю, што я мог-бы курыць такую люльку ўвесь дзень, — сказаў Джо. — Мяне ані не нудзіць.

— І мяне таксама! — сказаў Том. — Я мог-бы курыць увесь дзень, але буду спрачацца, што Джэф Тэчэр не мог-бы.

— Джэф Тэчэр? Куды яму! Ды ён і двух зацяжак не зробіць! Хай толькі паспрабуе!

— Вядома, не зробіць, і Джоні Мілер таксама. Хацеў-бы я паглядзець, як Джоні Мілер пачаў-бы курыць!

— Ды куды ён варты, Джоні Мілер! Ён нічога не ўмее. Ён ад першай зацяжкі скапыціцца.

— Праўду кажаш, Джо. Слухай: вось каб таварышы маглі нас бачыць цяпер!

— Ах, як-бы я хацеў гэтага! Слухайце-ж, браточкі, цыц, нікому ні слова! А калі-небудзь, як усе будуць у зборы, я падыйду да цябе і скажу: «Джо, ёсць у цябе люлька? Пакурыць ахвота». А ты адкажаш важна так, нібы гутарка ідзе аб глупстве: «Так, ёсць мая старая люлька і другая ёсць, толькі тытун у мяне не вельмі добры». А я скажу: «Ну, ды ўсёроўна, абы толькі быў моцны». І тады ты выцягнеш люлькі, і мы абодва закурым, як мае быць, — няхай паглядзяць!

— Вось-жа весела будзе, Том! Я-б хацеў, каб гэта было цяпер.