Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Том, я лепш пайду.

— Ну ідзі — хто табе не дае?

Гек пачаў збіраць свае параскіданыя рэчы, кажучы:

— Хадзем са мной, Том! Сапраўды, падумай добра. Мы пачакаем цябе на беразе.

— Доўга вам прыдзецца чакаць.

Гек з сумам пайшоў. Том стаяў і глядзеў яму ўслед, адчуваючы вялікае жаданне схаваць у кішэнь свой гонар і пайсці за імі. Ён чакаў, што хлопчыкі спыняцца, але яны паволі адыходзілі ўсё далей і далей. Том раптам заўважыў, што навакол зрабілася неяк незвычайна пуста і ціха. Тады ён зусім перамог сваю ганарыстасць і пусціўся бегчы ўслед за таварышамі з крыкам:

— Стойце! Стойце! Мне трэба вам нешта сказаць!

Тыя спыніліся і павярнулі назад. Дагнаўшы іх, Том пачаў адкрываць ім сваю тайну. Яны спачатку слухалі яго з кіслымі мінамі, а калі ўцямілі, у чым справа, то пачалі скакаць і крычаць ад захаплення, кажучы, што гэта-ж «дзівосна» і, каб ён сказаў ім раней, яны і не падумалі-б ісці.

Хлопчыкі весела вярнуліся назад і ўзяліся зноў за гульні, увесь час балбочучы пра незвычайную выдумку Тома і дзівячыся з яго вялікага розуму. Пасля смачнага абеду з яек і рыбы, Том сказаў, што цяпер ён хоча навучыцца курыць. Джо ўхапіўся за гэтую думку і абвясціў, што ён таксама паспрабуе. Гек зрабіў люлькі і напхаў іх тытуном. Да гэтага часу абодва навічкі курылі цыгары з вінаграднага лісця, але гэтыя цыгары «кусалі» язык і наогул лічыліся нявартымі мужчын.

Яны разлягліся на зямлі, абаперліся на локці і пачалі асцярожна ўцягваць ў сябе дым без асаблівага давер’я да яго. Дым быў нёпрыемны на смак і душыў іх, але Том сказаў:

— Ды гэта зусім лёгка! Каб я ведаў раней, я даўно пачаў-бы курыць.