Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не трэба мне ніякай рыбы, — я хачу дамоў.

— А купанне? Другога-ж такога месца для купання не знойздем.

— І купанне не памагае. Я неяк і купацца цяпер разахвоціўся, калі ніхто не забараняе. Я хачу дадому.

— Фу, якое глупства! Маленькі! Да мамкі захацеў!

— Ну але, да мамы! І табе захацелася-б, каб у цябе была маці. І зусім я не маленечкі, — мне столькі год, колькі і табе.

І Джо ціха заплакаў.

— Ну, добра, хай сабе наша плаклівае дзіцянё адпраўляецца дахаты, к мамцы, мы яго адпусцім. Так, Гек? Бедненькі, ён па мамцы знудзіўся. Ну, што-ж? Хай ідзе! Табе-ж, Гек, падабаецца тут, ці не так? Мы з табой застанемся тут?

— Та-ак, — сказаў Гек абыякім тонам.

— Я з табой больш не знаёмы, — абвясціў Джо, устаючы. — Так і ведай!

Ён панура адышоў і пачаў адзявацца.

— Невялікая бяда! — адказаў Том. — Калі ласка! Нікому ты тут і не патрэбны. Адпраўляйся дахаты, няхай з цябе ўсе смяюцца. Добры пірат, няма чаго казаць! Гек і я — не такія плаксы, як ты. Мы застанемся тут, праўда, Гек? Хай ідзе, калі хоча. Абыйдземся і без яго.

Джо, не адказваючы, панура нацягваў на сябе адзежу. Том, не гледзячы на свой напускны спакой, у душы быў устрывожаны і нават засмучоны. Яшчэ болей трывожыў яго выгляд Гека, які сумна і маўкліва сачыў за зборамі таварыша ў дарогу. Джо адзеўся і, не сказаўшы ні слова на развітанне, пайшоў у бок ілінойскага берага. У Тома сціснулася сэрца. Ён паглядзеў на Гека. Той не мог вытрымаць гэтага погляду і апусціў вочы, а потым сказаў:

— І мне таксама ахвота пайсці, Том. Неяк нудна тут стала, а цяпер будзе яшчэ нудней. Пойдзем і мы, Том!

— Ідзі, калі хочаш, а я не пайду. Я застануся.