Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Выбіўшыся з сіл, яны выбягалі з вады, кідаліся на гарачы пясок і закопваліся ў яго, а потым зноў кідаліся ў ваду і зноў пачыналася тое самае. Нарэшце ім прышло ў галаву, што іхняе голае цела зусім падобнае на трыко цялеснага колеру; яны начарцілі на пяску круг і наладзілі цырк, у якім уся трупа складалася з трох клоунаў, бо ніводзін з іх не захацеў узяць іншую ролю.

Потым яны ўзялі свае галачкі і гулялі з імі, пакуль не абрыдала. Паступова яны разышліся ў розныя бакі, задумаліся, і кожны з іх з нудою глядзеў у той бок, дзе ляжаў заліты сонцам родны гарадок. Том, сам таго не заўважаючы, пісаў на пяску вялікім пальцам нагі — „Бэкі“. Ён злавіў сябе на гэтым учынку, раззлаваўся на такую слабасць, і сцёр напісанае, але не мог стрымацца і зноў напісаў гэта імя, потым зноў сцёр і, каб перамагчы спакусу, далучыўся да таварышоў.

Але ў Джо зусім сапсаваўся настрой. Ён так знудзіўся па доме, што ледзь стрымліваў слёзы.

Нават Гек засумаваў. Толькі Том бадзёрыўся: у яго была тайна, якую ён пакуль што не хацеў адкрываць таварышам, але парашыў, калі яму не ўдасца скінуць з іх нуду, сказаць ім зараз-жа. І з абыякім выглядам ён кінуў зачэпку:

— А ведаеце што: я гатоў спрачацца, што на гэтым востраве і перад намі былі піраты. Давайце абыйдзем яго яшчэ раз. Тут, напэўна, дзе-небудзь схаваны скарб. Што вы скажаце, калі мы натрапім на спарахнелы куфар, напоўнены золатам і срэбрам?

Але гэтая прапанова не выклікала асаблівага захаплення.

Том зрабіў яшчэ дзве-тры прывабныя прапановы, але ўсе яго намаганні былі дарэмныя. У яго апускаліся рукі.

Джо сумна торкаў палкай у пясок, і выгляд у яго быў самы хмурны. Нарэшце ён сказаў:

— Ох, браткі, кінем гэтую выдумку! Я хачу дадому. Тут вельмі нудна.

— Ды не, Джо, ты прызвычаішся, — угаварваў Том. — Ты падумай, як добра тутака ловіцца рыба.