Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

(усё як было) пра свае прыгоды. Калі расказ быў выслуханы да канца, нашы героі проста не ведалі, як ім фанабэрыцца ды задавацца.

Пад’еўшы, Том лёг у цяньку паспаць, а піраты пайшлі вудзіць рыбу і даследваць востраў.

Раздзел ХV

Пасля абеду ўся банда рушыла на бераг — па чарапашыны яйкі. Хлопчыкі тыркалі палкамі ў пясок і, дзе знаходзілі мяккую мясціну, там апускаліся на калены і пачыналі капаць пясок рукамі. З некаторых ям здабывалі адразу па пяць-шэсць дзесяткаў яек. Яйкі былі зусім круглыя, белыя, крыху меншыя за грэцкі арэх. У гэты дзень у іх была багатая вячэра і такое самае снеданне ў наступную раніцу.

Пасля снедання яны скакалі і бегалі па беразе, ганяліся адзін за адным, раздзяваліся на хаду і дурэлі ў вадзе, змагаючыся з цячэннем, якое іх валіла з ног, а гэта яшчэ больш надавала весялосці. А то набяруць вады ў прыгаршчы і пачнуць пырскаць адзін аднаму ў твар. Канчалася гэта агульнай тузанінай, у часе якой усім тром даводзілася пакачацца па дне і паглытаць вады.