Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цёткі вельмі расчуліла яго; яму хацелася вылезці з-пад ложка і парадаваць яе, кінуўшыся да яе ў абдымкі; апрача ўсяго, гэта быў-бы такі дасканалы тэатральны эфект. Але ён устрымаўся ад спакусы і ляжаў ціха, прыслухоўваючыся да гутаркі.

З паасобных фраз ён даведаўся, як тлумачылі сабе іхняе знікненне: спачатку думалі, што яны ўтапіліся, купаючыся, потым заўважылі, што няма плыта; пасля нехта з хлопчыкаў успомніў, што загінуўшыя таварышы абяцалі хутка чымсьці здзівіць увесь горад. Тады мясцовыя мудрацы, абмеркаваўшы справу так і гэтак, парашылі, што хлопчыкі паехалі на плыце з тым, каб высадзіцца ў бліжэйшым горадзе; але а поўдні плыт знайшлі прыбітым да берага міль за пяць-шэсць ніжэй вёскі, і тады ўсе падзеі прапалі; вырашана было, што хлопчыкі безумоўна ўтапіліся, — іначай голад прыгнаў-бы іх дахаты к ночы, калі не раней? Што тычыцца дарэмных пошукаў трупаў, то няўдачу аб’яснілі тым, што катастрофа здарылася на самай сярэдзіне ракі, — іначай хлопчыкі дабраліся-б да берага, бо яны добра ўмелі плаваць.

Быў вечар серады. Калі да нядзелі трупаў не знойдуць, значыцца ніякай падзеі ўжо няма, і ў нядзелю было вырашана справіць малебства па памершых. Пры гэтым слове Том уздрыгануўся, яму зрабілася страшна.

Місіс Гарпер, плачучы, развіталася з усімі і накіравалася-была да дзвярэй, але спынілася, і абедзве асірацелыя жанчыны кінуліся адна да адной у абдымкі, каб яшчэ паплакаць разам перад тым, як разлучыцца.

Цёця Поллі надзвычайна пяшчотна пацалавала на нач Сіда і Мэры, прычым Сід захныкаў, а Мэры пайшла ўся ў слязах.

Тому яшчэ доўга прышлося ляжаць ціха пад ложкам нават і пасля таго, як цётка лягла спаць; яна ўвесь час трывожна паварочвалася, кашляла і цяжка ўздыхвала. Але нарэшце яна сціхла і толькі часам енчыла ў сне. Том вылез