Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да кармы катэра. Ён улёгся на дне чаўна, пад лаўкі, і са сціснутым сэрцам пачаў чакаць, што будзе.

Пачуўся звон шчарбатага званка, і нечы голас скамандваў: «Адпускай!» Праз мінуту борт катэра падняўся высока над чаўном, і флацілія рушыла ў дарогу. Том радаваўся сваёй удачы, ведаючы, што катэр у гэты дзень далей гарадка не пойдзе.

Прайшло дванаццаць ці пятнаццаць нудных мінут. Колы катэра спыніліся. Том вылез з чаўна і ў цемры паплыў к берагу. Каб не напароцца на выпадковага прахожага, ён выйшаў на бераг крокаў на пяцьдзесят ніжэй, як яму было трэба, выбіраў самыя пустынныя вуліцы і задворкамі дабраўся да дома сваёй цёткі.

Ён пералез праз плот і зірнуў у акно цётчынай спальні, бо там відаць было святло. У пакоі сядзелі: цёця Поллі, Сід, Мэры і матка Джо Гарпера і гутарылі паміж сабой.

Яны сядзелі каля ложка, які стаяў між імі і дзвярыма. Том падышоў да дзвярэй і пачаў ціха адсоўваць засаўку; потым ціханька штурхануў дзверы; яны рыпнулі; ён націскаў далей, уздрыгваючы ад кожнага рыпу; нарэшце стварылася шчыліна, праз якую ён мог пралезці на каленках; ён прасунуў галаву і папоўз.

— Чаму гэта полымя свечкі так закалыхалася? — сказала цёця Поллі. — (Том папоўз шпарчэй.) — Мабыць дзверы адчыненыя. Ну, вядома так. Што за дзіва такое? Ідзі зачыні дзверы, Сід!

Том акурат паспеў схавацца пад ложак. Ён крыху аддыхаўся, а потым падпоўз так блізка, што мог-бы дакрануцца да цётчынай нагі.

— Ды вось я і кажу, — прадаўжала цёця Поллі — што ён быў зусім не злы, не дрэнны хлопчык, толькі свавольнік вялікі, прайдзісвет, — вядома, як хлопчык: скача, нібы жарабя тое. Хіба з яго можна спаганяць? Ён ніколі нічога не рабіў са злым намерам, і сэрца ў яго было залатое.

І яна заплакала.

— Вось таксама і мой Джо, заўсёды гатоў быў дурэць,