Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стараўся зняць з сябе абвінавачанне ў тым, што адчуў нуду па дому, і быў-бы рады застацца толькі пад падазрэннем. На гэты раз бунт быў прыдушаны ў самым пачатку.

Тымчасам надышла ноч, і хлопчыкі падрыхтаваліся да сну. Першым заснуў Гек, за ім Джо, а Том некаторы час ляжаў нерухома, прыслухоўваючыся да таварышоў. Потым ён ціха ўстаў і пачаў нешта шукаць у траве. Ён знайшоў некалькі кавалкаў белай кары фігавага дрэва, выбраў два з іх і, стаўшы на калены каля агню, накрэмзаў на іх некалькі радкоў сваім сурыкам. Адзін кавалак кары ён скруціў і схаваў у кішэню, а другі палажыў у капялюш Джо. Апрача таго ён палажыў у капялюш некалькі каштоўнасцей з свайго скарбу: кавалак крэйды, гумы, тры кручка для вудачкі і адзін з шарыкаў, вядомы ім пад назвай «сапраўдны крышталь». Потым асцярожна пайшоў прэч і, адышоўшы досыць далёка, пусціўся бегчы к берагу.

Раздзел ХІV

Праз некалькі мінут Том ужо ішоў па мялізне, у вадзе, накіроўваючыся к ілінойскаму берагу. Ён прайшоў поўдарогі, пакуль вада дайшла яму да пояса, а далей ужо не давала ісці цячэнне і тады Том смела пусціўся плысці. Да процілеглага берага заставалася якіх-небудзь сто шагоў. Ён плыў супроць цячэння, але яго адносіла ўніз куды шпарчэй, як ён думаў. Але ўсё-ж такі, ён нарэшце дабраўся да берага і некаторы час ішоў уздоўж яго, пакуль не знайшоў зручнага месца, каб выйсці. Тут ён сунуў руку ў кішэнь, пераканаўся, што кара ёсць, і пайшоў далей лесам па беразе, не звяртаючы ўвагі на тое, што з адзення яго цякла вада.

Было ўжо каля дзесяці гадзін, калі ён вышаў на адкрытае месца супроць вёскі і ўбачыў катэр, які стаяў пад дрэвамі ля высокага берага. Усё было ціха.

Пры святле зорак Том ціха краўся па беразе, напружана ўглядаючыся ў раку, саслізнуў у ваду, праплыў некалькі крокаў і ўлез у човен, які на кожны выпадак быў прывязаны