Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мовы, магла дзейнічаць так разумна ў такой важнай справе.

— Ух, як хацеў-бы я цяпер трапіць туды! — усклікнуў Джо.

— І я таксама, — падхапіў Гек. — Вельмі ўжо хочацца ведаць, хто гэта ўтапіўся.

Хлопчыкі прыслухоўваліся і чакалі. Раптам у Тома ў галаве мільганула здагадка:

— Браточкі! Я-ж ведаю, хто гэта ўтапіўся: гэта мы!

Яны адразу адчулі сябе героямі. Ды і як было ім не ганарыцца! Іх шукаюць, аплакваюць, праз іх пасылаюць лодкі; праз іх людзі церпяць, ліюць слёзы, абвінавачваюць сябе ў несправядлівасці і ў нячуласці да бедных загінуўшых хлопчыкаў, шкадуюць іх, перажываюць дакоры сумлення, а галоўнае — і гэта лепш за ўсё — пра іх гаворыць увесь горад, ім зайздросцяць усе хлопчыкі. Ну, ці-ж можа быць лепей? Дзеля аднаго гэтага, калі на то пайшло, варта зрабіцца разбойнікамі.

З надыходам змроку катэр вярнуўся на месца, лодкі зніклі, а піраты вярнуліся ў лагер. Яны радаваліся і задаваліся тым, што нарабілі сваёй радні і суседзям столькі клопату.

Яны налавілі рыбы, павячэралі і пачалі ўяўляць сабе, што цяпер гавораць і думаюць аб іх у горадзе, як усе гаруюць — і ад усяго гэтага хлопцам было вельмі прыемна. Але калі ночныя цені агарнулі іх, гутарка паступова спынілася; усе тры пільна глядзелі на агонь, а думкі іх, відаць, былі далёка. Уздым мінуў, і Джо з Томам не маглі не ўспомніць пра некаторых блізкіх ім асоб, якім наўрад ці было весела ад гэтай забаўнай штукі. З’явіліся сумненні, трывога. Абодва адчувалі сябе няшчаснымі: часам у іх вырываўся цяжкі ўздых. Джо нават адважыўся спытацца ў таварышоў, як яны глядзяць на зварот у горад — не цяпер, вядома, але…

Том накінуўся на яго з насмешкамі, знішчыў яго сваёй пагардай. Гек далучыўся да Тома, і няшчасны герой паспяшаўся растлумачыць, што ён гэта толькі так. Ён усяляк