Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зноў паляглі ў цяньку адпачыць і пагутарыць. Але гутарка хутка пачала перапыняцца, а потым і зусім сціхла. Урачыстая цішыня лесу, пачуццё адзіноцтва, адлучэнне ад людзей пачыналі рабіць свой уплыў на хлопчыкаў. Яны задумаліся. Яны пачалі адчуваць нейкую невыразную нуду, — гэта пачыналася нуда па доме. Нават Фін — Чырвоная Рука — і той марыў пра знаёмы ганак і пустыя бочкі. Але кожны сароміўся сваёй слабасці, і ніхто не адважыўся выказаць голасна сваю думку.

Ужо некалькі часу хлопчыкі чулі здалёк нейкі асаблівы гук, як мы часам чуем ціканне гадзінніка, зусім не думаючы, што гэта такое. Але таямнічы гук паступова рабіўся больш выразным, і ўжо нельга было не звярнуць на яго ўвагі. Хлопчыкі ўсхапіліся, перазірнуліся і пачалі прыслухоўвацца. Настала доўгая цішыня, а потым здалёк пачулася глухое, сумнае «бум!»

— Што гэта? — шэптам усклікнуў Джо.

— Зразумець не магу! — такім-жа шэптам адказаў Том.

— Гэта, браткі, гром, — спалохана сказаў Гекльберы, — бо гром…

— Маўчы ты! — сыкнуў на яго Том. — Слухай лепш!

Яны пачакалі мінуту, якая здалася ім вечнасцю, і потым сярод урачыстай цішыні паўтарылася тое самае дзіўнае, глухое «бум».

— Пойдзем, браткі, паглядзім!

Усе тры ўскочылі і пабеглі к берагу, што быў супроць гарадка. Рассунулі кусты, выглянулі. Пасярэдзіне ракі, на мілю ніжэй ад гарадка плыў невялікі катэр; апрача таго ўзад і ўперад шнырыла многа лодак, але хлопчыкі не маглі разгледзець, што рабілі людзі, якія там сядзелі. Раптам над катэрам узвіўся слуп белага дыму, — і трэці раз той-жа глухі, смутны гук данёсся да нашых герояў.

— Цяпер я ведаю, у чым справа! — усклікнуў Том. — Нехта ўтапіўся.

— Ну, вядома, — падтрымаў Гек. — Тое самае было і ле-