Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзяной пустыняй. Выпадковы струмень знёс іхні плыт, але хлопчыкі былі нават задаволены гэтым. Гэтым яны нібы спальвалі мост паміж сабой і цывілізаваным светам.

Яны вярнуліся ў лагер надзвычайна свежымі, бадзёрымі і страшэнна галоднымі. Хутка паходны касцёр запалаў зноў. Гек знайшоў недалёка крыніцу чыстай халоднай вады, хлопчыкі зрабілі сабе чарпакі з шырокіх дубовых і арэхавых лісцяў і парашылі, што вада з дамешкай гор, лясной цішы і прахалоды зусім не горшая за каву. Джо пачаў наразаць ветчыну на снеданне, але Том і Гек папрасілі яго крыху пачакаць: яны знайшлі на беразе ўтульную мясцінку і закінулі вудачкі. Дабыча з’явілася адразу-ж. Джо не паспеў яшчэ страціць цярплівасць, як яны вярнуліся з двума вялікімі акунямі, ляшчом, двума язямі ды яшчэ дробнай рыбай — словам, са спажывай, якой можна было-б пакарміць цэлую сям’ю. Яны засмажылі рыбу разам з ветчыной і здзівіліся: ніколі яшчэ рыба не здавалася ім такой смачнай. Яны не ведалі, што рыбу лепш за ўсё смажыць зараз-жа пасля таго, як яна злоўлена, і не думалі пра тое, якім добрым прысмакам з’яўляецца сон на чыстым паветры, беганіна, купанне, а галоўнае — голад.

Паснедаўшы, яны паляглі ў цяньку, пакуль Гек выкурыў люльку, а потым пайшлі ўсе разам на разведку. Яны весела шагалі праз спарахнелыя пні, праціскаліся праз густы хмызняк, між дрэвамі, зверху да нізу павітымі паўзучым дзікім вінаградам. Раз-по-раз яны траплялі ў прыгожыя куткі, засланыя смарагдавым дываном і аздобленыя кветкамі.

Яны выявілі, што востраў мае каля трох міль даўжыні і чверць мілі шырыні, і што процілеглы бераг аддзяляўся ад яго вузкай пратокай, шырынёю не больш за сотню крокаў.

Купаліся яны, мусіць, кожную гадзіну і таму вярнуліся ў лагер ужо значна пазней пасля поўдня. Яны былі надта галодныя, таму рыбы больш не лавілі, а замест гэтага надзвычайна добра папалуднавалі халоднай ветчыной і