Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Божая кароўка паслухалася і паляцела паглядзець дзетак. Том нават не здзівіўся: ён даўно ведаў, што божая кароўка кожнаму лёгка верыць, і, карыстаючыся гэтым, ён не раз ужо ашукваў яе.

Потым з’явіўся чорны жук, цяжка цягнучы сваё круглае цела, і Том дакрануўся да яго, каб бачыць, як ён прыцісне лапкі да цела і прытворыцца мёртвым.

Птушкі тымчасам паднялі страшэнны гам. Амерыканскі дрозд, родны брат еўрапейскага дразда-перасмешніка, усеўся на дрэве, над самай галавой Тома, і з захапленнем выводзіў свае трэлі, перадражніваючы суседзяў. Нібы блакітны агеньчык, мільганула ў паветры крыклівая сава, села на галінку зусім каля хлопчыка, схіліла галаву на бок і з вялікай цікавасцю ўтаропілася на чужака. Шпарка прабегла шэрая вавёрка і другі звярок, большы, лісінай пароды. Ён час ад часу спыняўся, каб паглядзець і папляткарыць наконт нечаканых гасцей. Звяркі, відаць, ніколі раней не бачылі людзей і нават не ведалі, ці баяцца ім ці не.

Уся прырода прачнулася. Праз густое лісце, як стрэлы, пранікалі сонечныя праменні. У паветры з’явілася некалькі матылёў. Том расштурхаў сваіх піратаў і праз дзве мінуты яны, раздзетыя, ужо ганяліся адзін за адным, дурэючы і штурхаючыся па белым пясчаным беразе. Яны зусім не цікавіліся сваім гарадком, які спаў далёка, за велічнай ва-