Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тым успомнілі скрадзенае мяса і тады пачаліся сапраўдныя пакуты. Яны спрабавалі супакоіць сумленне, успамінаючы, што ім здаралася і раней шмат разоў цягаць з кладоўкі пячэнне і яблыкі, але сумленне лічыла гэтыя довады надта слабымі і не сцішалася. І хлопцы павінны былі згадзіцца, што спёрці пячэнне ці яблык — гэта не важна, а ўзяць кумпяк, свіны бок, наогул што-небудзь каштоўнае — гэта ўжо сапраўднае зладзейства.

Таму яны парашылі, што пакуль яны будуць піратамі, яны не заплямяць свайго разбойніцкага гонару ганебным злачынствам — крадзежам. З гэтай умовай сумленне пагадзілася часова замірыцца, і нашыя разбойнікі мірна паснулі.

Раздзел ХІІІ

Раніцою, прачнуўшыся, Том не адразу сцяміў, дзе ён.

Ён сеў, агледзеўся навакол, пацёр вочы і тады толькі зразумеў. Была прахалодная, шэрая раніца, світала. Цішыня лесу навакол навявала чароўнае пачуццё спакою. Ніводзін лісток не варушыўся, ніводзін гук не парушаў высокіх дум прыроды. На лісцях і траве ляжала, як пэрлы, раса. Агонь заглух пад белым пластам попелу, і толькі сіні дымок тонкім струменем віўся ў паветры. Джо і Гек спалі. Далёка ў глыбіні лесу крыкнула птушка, адгукнулася другая, недзе застукаў дзяцел. Адпаведна таму, як святлеў ранішні туман, раслі і множыліся гукі, — усюды прачыналася жыццё.

Раптам аднекуль з’явілася цэлая працэсія мурашак, і ўсе яны ўзяліся за работу; адзін адважна валок мёртвага павука ў пяць разоў большага за сябе самога і ўхітрыўся ўцягнуць яго на пень.

Божая кароўка, уся ў кропках, ускараскалася на галавакружальную вышыню травянога сцябла. Том схіліўся да яе і сказаў:

Божая кароўка, божая кароўка, ляці дадому.
Дом твой гарыць, а дзеткі адны.