Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на я нават не наядаюся дасыта… і потым сюды ўжо ніхто не прыдзе і не паб’е чалавека нямаведама за што.

— Такое жыццё акурат для мяне, — сказаў Том. — Не трэба ўставаць рана, не трэба хадзіць у школу, не трэба мыцца і рабіць усялякія глупствы, — нічога гэтага не трэба…

— А што-ж робяць піраты? — спытаўся Гек Фін.

— О! яны жывуць вельмі весела: бяруць у палон караблі і паляць іх, грошы закапваюць у зямлю на сваім востраве, у якім-небудзь страшным месцы, дзе іх пільнуюць здані, вядзьмаркі і ўсялякая чартаўня. А матросаў і пасажыраў яны забіваюць і выкідаюць за борт.

— А жанчын вязуць да сябе на востраў, — уставіў Джо, — жанчын яны не забіваюць.

— Але, — падтрымаў яго Том, — жанчын Яны не забіваюць. Яны надта шляхетныя людзі. І потым жанчыны заўсёды красуні.

— А якое на іх убранне багатае! — з захапленнем усклікнуў Джо. — Усё ў золаце, срэбры, у брыльянтах!

— На кім? — спытаўся Гек.

— Ды на піратах.

Гек Фін паглядзеў на сваё ўбранне і сумна сказаў:

— Ну, а маё ўбранне зусім не разбойніцкае… Але-ж у мяне няма другога.

Хлопчыкі суцяшалі яго, кажучы, што прыгожага ўбрання чакаць яму нядоўга прыдзецца: як толькі яны пачнуць свае наскокі, у іх будзе і золата, і ўбранне, і ўсё. А для пачатку добра будзе і ў лахманах, хаця багатыя разбойнікі звычайна набываюць сабе адпаведны гарнітур, калі прыступаюць да справы.

Патроху размова спынілася: у маленькіх уцекачоў зліпаліся вочы, іх браў сон. Люлька выслізнула з пальцаў Чырвонай Рукі, і ён заснуў сном зморанага праведніка. Уладар Мораў і Чорны Мсцівец заснулі не так хутка. Яны зусім ужо гатовы былі заснуць, але ў сярэдзіне ў іх нешта не хацела супакоіцца. Іх мучыла сумленне. Яны пачыналі трошкі разумець, што зрабілі нядобра, уцёкшы з дому, по-