Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Том пакаціў са ўзгорка свой кумпяк і сам пакаціўся за ім, прычым крыху пацярпелі яго вопратка і скура на кумпяку. Са ўзгорка можна было спусціцца на бераг па дасканалай, зручнай сцежцы, але ён, як шчыры разбойнік, выбіраў небяспечныя і цяжкія шляхі.

Уладар Мораў таксама прынёс кумпяк і ледзь прывалок яго да месца. Фін — Чырвоная Рука — сцягнуў недзе кацялок і цэлы пук недаспелага тытуновага лісця, а таксама некалькі сцяблоў маісу на люлькі, хоць ніводзін з піратаў не курыў і не жаваў тытуну, апрача яго самога.

Чорны Мсцівец абвясціў, што няма чаго і думаць ісці ў дарогу без агню. Гэта была слушная думка, бо запалкі ў тыя часы былі яшчэ мала вядомыя. Хлопчыкі ўбачылі агонь на вялікім плыце, крокаў за дзвесці ўверх па рацэ, падкраліся туды і сцягнулі галаўню. З гэтага яны зрабілі сабе цэлую прыгоду: увесь час «цыкалі» адзін на аднаго, прылажыўшы палец да вуснаў заклікалі да цішыні, хапаліся рукамі за свае неіснуючыя кінжалы і злавесным шэптам загадвалі адзін аднаму, калі толькі «вораг» варухнецца «усадзіць яму нож у грудзі да самай ручкі», бо «мёртвы не выдасць». Яны добра ведалі, што плытнікі гулялі ў вёсцы, але яны павінны былі весці сябе па-разбойніцку.

Пасля таго яны рушылі ў дарогу. Том даваў загады. Гек дзейнічаў вяслом наперадзе, Джо — ззаду. Том удаваў сябе за капітана: сурова хмурыў бровы, скрыжаваўшы рукі на грудзях, камандваў:

— Трымай па ветру!

— Ёсць, сэр!

— Трымай прама, пра-ма!

— Ёсць, сэр!

— Адпусці крыху!

— Ёсць, сэр!

Але ўсе гэтыя загады даваліся так сабе і нічога не азначалі, бо плыт спакойна плыў пасярэдзіне ракі.

— Якія парусы паднятыя?

— Ніжнія, сэр.