Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

най мялізнай — дасканалае месца для разбойніцкага прытулку. Востраў бязлюдны і ляжыць бліжэй к процілегламу берагу, які зарос густым, бадай некранутым лесам. Абмеркаваўшы ўсё гэта, нашы героі парашылі абраць гэты востраў сваёй рэзідэнцыяй. Толькі ім не прышлося ў галаву спытаць сябе, на каго яны накіруюць свае напады.

Потым яны знайшлі Гекльберы Фіна, і той ахвотна далучыўся да іх; бо яму было ўсёроўна, якую прафесію выбраць. Яны дагаварыліся сустрэцца на беразе ракі, у пустынным месцы, за дзве мілі вышэй ад вёскі, у свой аблюбаваны час — поўнач. Там стаяў невялікі плыт, якім яны парашылі аўладаць. Умовіліся, што кожны возьме з сабой вудачкі і кручкі, а таксама харчовыя прыпасы, якія ім пашанцуе здабыць — па магчымасці самым суровым і таямнічым спосабам, як належыць разбойнікам. Разам з тым яны распаўсюдзілі сярод таварышоў прывабную вестку, што хутка ў горадзе «нешта пачуюць». Усіх, каму быў сказаны гэты цмяны намёк, прасілі трымаць язык за зубамі і чакаць.

А поўначы Том з’явіўся на месца з вараным кумпяком і некаторымі іншымі харчамі і схаваў усё гэта ў густым зарасніку на ўзгорку, адкуль відаць было месца сустрэчы. Ноч была зорная і вельмі ціхая. Вялізная рака была спакойная, як сонны акіян. Том прыслухаўся — ані гуку. Тады ён ціха, працягла свіснуў. Яму адказаў свіст з гушчару. Том свіснуў яшчэ два разы, і зноў яму адказалі таксама. Потым нечы перайначаны голас спытаўся:

— Хто ідзе?

— Том Соўэр, Чорны Мсцівец. Назавіце вашы імёны!

— Гек Фін — Чырвоная Рука і Джо Гарпер — Уладар Мораў.

Гэтыя назвы былі запазычаны з прыгодніцкіх раманаў.

— Добра, кажыце пароль!

У ночнай цішыні адначасова пачуўся хрыпаты шэпт двух галасоў:

— «Кроў»!