Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З такімі думкамі ён прайшоў ужо луг, як да яго даляцеў звон школьнага званка, які склікаў вучняў на пасляабедзеныя заняткі. Том заплакаў пры думцы, што ён ужо ніколі-ніколі больш не пачуе гэтага добра знаёмага гуку. Прымірыцца з гэтым было цяжка, але нічога не зробіш. Калі яго адштурхоўваюць, кідаюць на волю лёсу, трэба скарыцца. Але ён ім даруе… І Том зарыдаў яшчэ горш.

Акурат у гэты момант ён сустрэўся са сваім неразлучным прыяцелем, Джо Гарперам. У яго таксама быў пахмурны выгляд, і ў душы, відаць, таксама быў горкі і рашучы план. Безумоўна, яны абодва складалі «дзве душы, ахопленыя адзінай думкай».

Том выцер слёзы рукавом і паведаміў свайму таварышу, што ён рашыў пакінуць дом, дзе з ім так дрэнна абыходзяцца і дзе ён ні ў кім не знаходзіць спачування, і ніколі не вяртацца. У канцы ён выказаў надзею, што Джо не забудзецца на яго.

Але тут выявілася, што Джо толькі што хацеў сказаць Тому тое самае і шукаў яго дзеля гэтага самага. Маці адсцёбала яго за тое, што ён нібы выпіў сліўкі, а ён не толькі не каштаваў іх, але нават ніколі не бачыў. Відаць, ён абрыдаў матцы, і яна хоча вызваліцца ад яго. Калі так, яму нічога не застаецца, як выканаць яе жаданне. Ён спадзяецца, што яна будзе шчаслівая і ніколі не пашкадуе, што кінула свайго хлопчыка ў халодны, бяздушны свет, дзе ён будзе пакутваць і памрэ.

Хлопчыкі сумна пайшлі далей, дагаварыўшыся стаяць адзін за аднаго, як браты, і ніколі не разлучацца, пакуль смерць не вызваліць іх абодвых ад пакут. Потым яны пачалі складаць планы. Джо хацеў зрабіцца пустэльнікам, жыць у пячоры, жывіцца сухімі скарынкамі і памерці ад холаду, голаду і гора, але, паслухаўшы Тома, згадзіўся з ім, што злачыннае жыццё куды выгадней, і парашыў зрабіцца піратам.

За тры мілі ад горада, дзе рака Місісіпі дасягае больш мілі ў шырыню, ёсць даўгі, вузкі, лясісты востраў з пясча-