Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Піт згадзіўся. Том расчыніў яму рот і ўліў туды лыжку «болесупакойніка». Піт падскочыў на два метры, выдаў ваяўнічы кліч і пачаў кідацца па пакою, натыкаючыся на мэблю, перакульваючы вазоны з кветкамі і ўзнімаючы страшэнную мітусню. Потым ён, задраўшы галаву, пачаў танцаваць на задніх лапах у шалёным захапленні і галасіць на ўвесь дом пра сваё невыказнае шчасце. Потым зноў пачаў кідацца па ўсім доме, несучы на сваім шляху хаос і руйнаванне. Цёця Поллі ўвайшла акурат у той момант, калі ён, зрабіўшы некалькі фінальных сальто-мартале, з лютым мяўканнем выскачыў у адчыненае акно, захапіўшы з сабой тыя вазоны, якія яшчэ заставаліся цэлымі.

Старая скамянела ад здзіўлення, гледзячы праз верх акуляраў на гэтую карціну, а Том качаўся па падлозе ад смеху.

— Том, скажы, калі ласка, што такое з нашым катом?

— Не ведаю, цёця, — ледзь мог вымавіць Том.

— За ўсё сваё жыццё, не бачыла нічога падобнага! З чаго-б гэта ён?

— Сапраўды не ведаю, цёця Поллі. Мабыць каты заўсёды так танцуюць, калі яны вельмі задаволеныя.

— Ці так?

У голасе цёткі было нешта такое, што прымусіла Тома настаражыцца.

— Ну так, цёця. Прынамсі, я так думаю.

— Ты думаеш?

— Але, цёця.

Цётка нахілілася. Том з цікавасцю і трывогай сачыў за яе рухамі, але занадта позна здагадаўся, куды яна «гне». З-пад ложка высоўваўся доказ — чайная лыжка. Цёця Поллі падняла яе і паднесла да самага носа хлопчыка. Том апусціў вочы і пасунуўся назад. Цёця Поллі стукнула яго па галаве наперсткам.

— А ну, мой любы, скажы мне, завошта ты так мардуеш бедную жывёліну?